Тацяна Канеўская: Выбарцы не давяраюць вынікам



Назіральніца па Гомельскай-Савецкай акрузе №34 Тацяна Канеўская лічыць, што выбарцы не давяраюць вынікам выбараў.

Паводле актывісткі, галасаваць на выбарчыя ўчасткі беларусы ідуць па звычцы:

– Я не чула ніводнага чалавека, нават седзячы назіральнікам, людзі ўсе кажуць у адзін голас. Я думаю, што гэта засталося яшчэ ад нашых дзядоў і прадзедаў, вось гэта адказнасць. Мы яшчэ па нейкай інерцыі проста ідзем і галасуем. Самы вялікі апошні дзень галасавання, я думаю, што людзей больш прыманьваюць буфеты. 

Карэспандэнтка нашага радыё распытала гомельцаў пра выбары:

РР: Давяраеце вынікам выбараў?

– Увогуле не прыняць удзел – гэта няправільна.

– Вельмі задаволеныя. Малайцы. Усё на вышэйшым узроўні. 

– Я галасаваў за кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна. 

– Мяне напружвае, што я нікога не ведаю. Я разумею, грамадзянскі абавязак, але ж я іх не ведаю нікога. 

– За апошніх гадоў 7-8 я ўсё ж такі вырашыў прыйсці. 

РР: А чаму?

– Унутранае падштурхоўванне адбылося. Напэўна штосьці, дзесьці, хочацца чагосьці ўжо. 

На кожным участку ў асноўны дзень галасавання працавалі буфеты і праводзіліся канцэрты.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель