Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі стартуе ў Віцебску
Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) стартуе 18 лістапада ў канцэртнай зале «Віцебск» і пройдзе па 23 лістапада, паведамілі ў Цэнтры культуры «Віцебск».
IFMC збярэ артыстаў з Беларусі, Бельгіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Расеі і Украіны. Перад адкрыццём гледачы змогуць азнаёміцца з фотапраектам Ігара Гусакова і выставай скульптур Сяргея Сотнікава. На адкрыцці госці ўбачаць легендарную «Ганну Карэніну» – пластычны спектакль без слоў у выкананні артыстаў Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Вахтангава. Рэжысёр спектакля Анжаліка Холіна пакажа сваю трактоўку рамана.
У цэлым афіша творчага форуму прадстаўлена рознафарматнымі пастаноўкамі. 19-20 лістапада адбудзецца сусветная прэм’ера балета «Вій» у выкананні акадэмічнага тэатра «Кіеў Мадэрн-балет». Пастаноўка будзе прадстаўлена адразу на дзвюх сцэнах: на віцебскай – КЗ «Віцебск» і менскай – Вялікі тэатр оперы і балета. 21 лістапада адбудзецца паказ работы бельгійскага харэографа Яна Мартэнса Sweet Baby Sweeet, заснаваны на розных мовах руху – ёга, цыркавая акрабатыка і нават рок-н-рол. Пермскі дзяржаўны тэатр «Балет Яўгена Панфілава» прывязе дзве прэмʼеры: аднаактовыя балеты «Лабірынт» і «Чалавек паветра». На закрыцці фестывалю 23 лістапада будзе прадстаўлены лепшы спектакль міжнароднага форуму танца Tanzmesse-2018 у Дзюсельдорфе – Oskara ў выкананні кампаніі танца Kukai Dantza (Іспанія).
Асноўнай падзеяй IFMC-2019 стане беларускі конкурс сучаснай харэаграфіі, заяўкі на які прымаюцца да 21 кастрычніка. Дарэчы, адна з іх ад трыа з пагранічных войскаў Беларусі. Работы фіналістаў паклоннікі фестывалю ўбачаць 22 лістапада.
У дні фестывалю адбудуцца інтэрактыўныя лекцыі, тэарэтычныя майстар-класы, семінары, круглыя сталы. Традыцыйна ў фае канцэртнай залы «Віцебск» будуць экспанавацца выстаўкі.
Заснавальнікі – Віцебскі аблвыканкам, Міністэрства культуры, Віцебскі гарвыканкам, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Арганізатар – Цэнтр культуры.