Скаргі экс-кандыдатаў у дэпутаты акруговая камісія №49 Гародні не задаволіла
Скаргі экс-кандыдатаў у дэпутаты акруговая камісія №49 Гародні адмовіла ў задавальненні. Скаргі датычылі немагчымасці праверыць змест выбарчых бюлетэняў назіральнікамі і даверанымі асобамі кандыдатаў падчас падліку галасоў. „А работу сваёй выбарчай каманды ацэніваю як выдатную,” – кажа экс-кандыдат Артур Рымша, які сярод іншых падаваў скаргу.
– Я думаю, маглі і больш зрабіць, каб у нас былі б роўныя ўмовы. Бо з дэпутатам, я лічу, быў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс. Дапамагалі, узгаднялі, усё гэта было значна хутчэй, і поўныя залы збіралі не таму, што нехта ведае галоўнага ўрача паліклінікі, прычым гэтая паліклініка ў адным раёне, а дзе чалавек вылучаецца і выбіраецца – гэта зусім іншы раён.
Падобную скаргу з-за адсутнасць бачыць выбарчыя бюлетэні ў дзень выбараў накіравала і Жанна Гасцяева, экс-кандыдат па той жа выбарчай акрузе №49.
– Усе мае давераныя асобы, якія прысутнічалі пры падліку галасоў, сказалі, што яны былі пазбаўлены магчымасці бачыць, за каго збіраюцца гэтыя бюлетэні, не была агучана колькасць за кожнага кандыдата ў дэпутаты. Канешне, я прысутнічала на заключным сходзе акружной выбарчай камісіі нашай акругі, хацела паглядзець у вочы членам камісіі.
Дэпутатам па 49-й акрузе стала праўладная кандыдатка – Ірына Луканская. На паседжанні акруговай камісіі прысутнічаў назіральнік місіі АБСЭ Якуб Гэральд. Для радыё каментары даваць адмовіўся.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя