Дэпутаты Каліноўскага-4
Вёска Якушоўка ўжо прызвычаілася, што апошнія выходныя кастрычніка сюды пад бела-чырвона-белымі сцягамі завітаюць госці з розных куткоў Беларусі, каб ушанаваць памяць беларускіх ваяроў мінулага. Каб ушанаваць памяць тых герояў, што аддалі свае жыцці дзеля беларускай мары. Высокі драўляны крыж Еўфрасінні Полацкай аздоблены металам і пастаўлены ў гонар слаўных ваяроў узвышаецца на ўскрайку Якушоўкі, недалёка ад падмуркаў сядзібы Каліноўскіх. Падмуркі мясцовыя патрыёты закансервавалі як умелі ад далейшага разбурэння, каб да нашчадкаў дайшло гэтае матэрыяльнае сведчанне, што тут жылі героі…
Сённяшняя беларуская дзяржава не парупілася хаця б дапамагчы ім. А вось мясцовыя неабыякавыя рупліўцы, без адпаведнай адукацыі, без фінансавання, без матэрыяльнай зацікаўленасці, без усяго, усё ж змаглі зрабіць тое, чаго не зрабіла ўлада з іх адпаведнымі інстытутамі і мажлівасцямі, і з неверагодна вялікім штатам ідэолагаў, што сядзяць не на самых кепскіх заробках, а вось якую ідэалогію спавядаюць, хіба што і самі не ведаюць… А гэтыя хлопцы ведаюць…
– Прыйдзе такі час, калі гэтае свята, дзень памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага і ўсіх палеглых за Беларусь, тут, у Якушоўцы, і ў Свіслачы, і ў Менску, і па ўсёй Беларусі, будзе адзначаць наша дзяржава, – скажа ледзьве не кожны з выступоўцаў.
Ужо многа гадоў тут гучаць гэтыя словы, з надзеяй, што такі час надыдзе хутка. Тут складалі прысягу на вернасць Беларусі сябры патрыятычных арганізацый, тут выступалі лідары палітычных партый і грамадскіх арганізацый краіны, сюды прыязджалі прэтэндэнты на дэпутацкія месцы ад апазіцыі, сюды наведваліся і наведваюцца дэпутаты дванаццатага склікання, якія прымалі Дэкларацыю Незалежнасці Беларусі…
Але для кожнага з тых, хто сюды прыязджае, найвышэйшым званнем ёсць быць Дэпутатам Каліноўскага.
Тут стаіць і памятны камень. Тут, калісьці, бала высаджаная дубовая алея, і адным з удзельнікаў той пасадкі быў Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага савету, пры якім была абвешчана незалежнасць Беларусі і дзяржаўнасць Беларускай Мовы, як працяг мараў і змагання тых палеглых герояў…
Алеі зараз алеі няма. На месцы пасадкі былі выяўленыя сляды саляркі, ад якой, хіба, кволыя парасткі і загінулі. Знайшліся ж і такія, хто ліў тую салярку на жывыя дрэўцы і людскую памяць. Але прысутныя ведаюць, што тая дубовая алея ўзрасла ўжо ў душах беларускіх патрыётаў. Прыйдзе час, і ў Якушоўцы яна будзе адноўленая…
Такія тут размовы гучаць ля памятнага крыжа. Грыміць чарговае: “Жыве Беларусь!!!”, і прысутныя традыцыйна фатаграфуюцца на гэтым гістарычным месцы. А пасля транспарт вязе ўсіх у лес, на заключную частку. У лес, каб дыхнуць поўнымі грудзямі паўстанцкага паветра і набрацца з тым паветрам іх сілы, адвагі і веры…
Знак з надпісам “Белавежская пушча” ветліва паглядае на аўтобус, бусы і легкавікі з удзельнікамі мерапрыемства. А на лясной паляне мясцовыя актывісты ўжо паставілі стол з стравамі…
Агеньчык вітае гасцей. Цешыцца, мацнее, падымаецца… Тут, у лясной вольніцы, за гэтыя доўгія гады азначэння патрыятычнай традыцыі гралі вядомыя і пачынаючыя музыкі, прамаўлялі вядомыя і пачынаючыя палітыкі, рабілі выставы вядомыя і пачынаючыя творцы… Каго і чаго тут толькі не было. Адно было нязменным – усе гаварылі пра нашых славутых продкаў і пра нашу беларускую будучыню…
А гэтым годам размовы зводзіліся яшчэ і да працягу гэтай акцыі ўжо ў Вільні, дзе адбудзецца ганаровае і ўрачыстае перазахаванне парэшткаў славутага кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага.
– Мы мусім годна адзначыць гэту падзею, – сцвярджалі ўдзельнікі свіслацкай акцыі. – Мы мусім быць вартымі памяці нашых славутых продкаў!
Над Пушчай пачаў апускацца змрок. Аўтатранспарт запаліў фары. Развітальныя размовы, пацісканне рук, абдымкі… Хтосьці паедзе на поўнач, хтосьці на ўсход… Але ўсе ведаюць, што хутка сустрэнуцца зноў. Сустрэнуцца ў Вільні, на перапахаванні парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Сустрэнуцца, каб набрацца моцы, адвагі і праўды сваіх славутых продкаў, і прывезці ўсё гэта з сабой назад…
– Да сустрэчы ў Вільні, – так развітваюцца тыя, хто ад’язджае першымі.
– Да сустрэчы ў Вільні, – адказваюць ім астатнія.
Віктар Сазонаў