У Беларусі пачалася адпраўка прызыўнікоў у войскі



У Беларусі 18 лістапада пачалася адпраўка прызваных на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве грамадзян у злучэнні і воінскія часці Узброеных сіл, іншыя войскі і воінскія фарміраванні, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

18 лістапада ў войскі адправяць каля 1.500 прызыўнікоў. З іх каля 400 чалавек прызваны ваенкаматамі сталіцы і Менскай вобласці для ўкамплектавання Менскай ваеннай камендатуры, навучальных вайсковых часцей, падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый.

Усяго на ўкамплектаванне Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў плануецца накіраваць каля 12 тысяч прызыўнікоў.

„У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, выкліку на прызыўныя камісіі восенню гэтага года падлягаюць каля 70 тысяч маладых людзей, — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны. — Раённымі (гарадскiмі) прызыўнымі камісіямі ў дачыненні да грамадзян ужо прынята больш за 52 тысяч рашэнняў. Дадзена больш за 23 тысячы адтэрміновак , большую частку з якіх — каля 84% — складаюць адтэрміноўкі для прадаўжэння адукацыі. Акрамя таго, дадзены адтэрміноўкі грамадзянам па стане здароўя, для праходжання інтэрнатуры, па сямейным становішчы і на падставе ўказа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

Адпраўка новага папаўнення ў войскі з абласных пунктаў збору будзе доўжыцца да 29 лістапада.

Цырымонія прыняцця ваеннай прысягі маладым папаўненнем у злучэннях і воінскіх часцях Узброеных сіл адбудзецца 14 снежня.

belapan.by