Экс-кандыдата і назіральніц выклікаюць у міліцыю за стрымы з участкаў



17 лістапада назіральніца Алена Шабуня вяла прамую трансляцыю з участку № 70 Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі падчас падліку галасоў.

Яна тлумачыць, што зрабіла гэта з адчаю. Бо яе абурылі лічбы, агучаныя старшынёй камісіі Валянцінай Шамшура, гаворыць назіральніца:

– Малады мікрараён, маладыя людзі жывуць – а ў іх 114 чалавек прагаласавалі дома. Яшчэ мы налічылі, што на ўчастак прыйшлі 327 чалавек. І калі яны пачалі казаць, што агулам у іх атрымалася 680 чалавек, то я распачала стрым – больш мне ўжо не было чаго рабіць.

Старшыня камісіі гэтага не ўпадабала і націснула на “трывожную кнопку”. А калі на ўчастак прыехала міліцыя, то заявіла, што Алена Шабуня і яе напарніца Марына Клімава абражалі чальцоў камісіі. У адказ Алена Шабуня падала заяву за дарэмны выклік супрацоўнікаў дэпартаменту аховы. Назіральніц чакае разбіральніцтва паводле заявы старшыні камісіі.

Жыхар райцэнтру Дуброўна Міхаіл Чамурака, які балатаваўся ў дэпутаты Парламенту па Сенненскай выбарчай акрузе, таксама прысутнічаў на ўчастку падчас падліку галасоў. Ён цвердзіць, што не вёў прамую трансляцыю, а толькі ўключыў дыктафон, але старшыня камісіі запатрабавала, каб ён пакінуў участак. Міхаіл Чамурака адмовіўся, і з гэтай нагоды таксама выклікалі міліцыю. Міліцыянты загадалі яму выйсці, ён пагадзіўся, але супраць яго завялі адміністрацыйную справу паводле артыкула 23.4 КоАП за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Заўтра яго выклікаюць на гутарку ў Дубровенскі РАУС.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск