Гутар і Кавалёў не згуляюць у спарынгу са зборнай Чарнагорыі
Брамнік Аляксандр Гутар і хаўбек Юрый Кавалёў не згуляюць за зборную Беларусі ў таварыскім матчы з камандай Чарнагорыі з-за мікрапашкоджанняў. Футбалісты не ўдзельнічалі ў перадматчавай трэніроўцы ў Падгорыцы. Матч Чарнагорыя – Беларусь пройдзе сёння. Пачатак – у 20.00 па беларускім часе.
„Нёман”, верагодна, пазмагаецца за права правесці суперфінал Кантынентальнага кубка ў Гародні
„Нёман” можа пазмагацца за правядзенне суперфіналу Кантынентальнага кубка на сваёй арэне ў Гародні. У бліжэйшыя дні пытанне будзе дэталёва абмяркоўвацца на ўзроўні кіраўніка Гарадзенскага рэгіёну, а папярэднія кансультацыі на гэты конт ужо прайшлі раней. Калі „чырвона-белыя” ўключацца ў гонку за права стаць гаспадарамі вырашальнай стадыі, у іх нядрэнныя шанцы на поспех. Правядзенне паўфінальных турніраў у Кракаве і Войенсэ ў мінулы ўік-энд, напэўна, стане хутчэй мінусам чым плюсам для магчымых польскай і дацкай заявак на фінал. Што да брытанскай, то ў завочнай спрэчцы Нотынгема і Гародні на карысць можа адыграць той факт, што Вялікабрытанія прымала суперфінал Кантынентальнага кубка зусім нядаўна — сёлета ў студзені. Пры станоўчым для „Нёмана” вердыкце Гародня стане трэцім беларускім горадам правядзення вырашальнага турніру Кантынентальнага кубка. Раней яго прымалі Гомель і Менск.
Менскае „Дынама” адправілася на выязную серыю матчаў у чэмпіянаце КХЛ
Менскае „Дынама” адправілася на чарговую выязную серыю матчаў у чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. „Зубры” згуляюць з ніжагародскім „Тарпеда”, маскоўскім „Спартаком” і омскім „Авангардам”, паведамілі ў прэс-службе хакейнага клуба. Першая выязная сустрэча серыі супраць „аўтазаводцаў” пройдзе сёння ў Ніжнім Ноўгарадзе. З „чырвона-белымі” дынамаўцы згуляюць у Мыцішчах 21 лістапада. Завершыцца выязная серыя 23 лістапада матчам супраць „Авангарда” у Балашысе. Пачатак усіх трох матчаў у 19:30 па менскім часе. „Дынама-Менск” займае ў чэмпіянаце КХЛ 21-ю пазіцыю з 23 баламі пасля 27 сустрэч.
Гарадзенскі „Рытм” перамог на турніры па індор-хакеі сярод жаночых каманд
Гарадзенскі „Рытм” выйграў III Менскі міжнародны турнір па індор-хакеі сярод жаночых каманд, паведамілі ў прэс-службе Беларускай федэрацыі хакея на траве. Па завяршэнні спаборніцтваў у „Рытма” і нацыянальнай каманды Беларусі была аднолькавая колькасць ачкоў. Розніца забітых і прапушчаных мячоў у гэтых каманд таксама апынулася роўнай. Але „Рытму” у суме атрымалася забіць на 1 мяч больш. Другое месца дасталася нацыянальнай камандзе Беларусі. На трэцяй пазіцыі спыніўся ХК „Менск”. У мужчын на турніры на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару падняліся спартоўцы ХК „Менск-1”, якія ў фінальным супрацьстаянні абыгралі берасцейскі „Будаўнік”. Бронза дасталася камандзе „Менск-2”. Таксама ў спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды з Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя