Ірына Яскевіч: Нават не цікава, колькі адсоткаў мне „прызначылі”
Старшыня віцебскай гарадской аргані зацыі АГП, стваральніца прафсаюзу прадпрымальнікаў “Разам” Ірына Яскевіч не пайшла на афіцыйнае абвяшчэнне вынікаў галасавання.
Паводле яе словаў, прызначэнне дэпутаткай Парламенту дырэктаркі школы Таццяны Аўтуховай было прадказальным. Прадказальнай была і абыякавасць да выбараў з боку простых людзей. Таму асабліва шкада назіральнікаў, якім давялося сутыкнуцца з паўсюднымі фактамі прыпісак на ўчастках, кажа былая кандыдатка:
– Шкада людзей, якім было кепска, якія плакалі! Бо людзі сядзелі на ўчастках нават без абеду, каб адзначыць кожнага выбаршчыка, які заходзіў. І калі атрымалася розніца ў 300 чалавек, то гэта не назіральнік не заўважыў, як 300 выбаршчыкаў прабеглі. А справа ў камісіі, раз з’яўляюцца такія вось дадзеныя.
Ірына Яскевіч рыхтуе скаргу на парушэнні падчас галасавання. Іх было мноства: незаконнае выдаленне з участкаў 4-х яе давераных асобаў, завышэнне колькасці прагаласаваўшых дома, калі падчас выездаў рабіліся ўкіды бюлетэняў, а часам і простыя прыпіскі галасоў, якія сягалі да некалькіх соцень.
Былая кандыдатка кажа, што назіранне, арганізаванае ў межах кампаніі “Права выбару”, дапамагло вызначыць найбольш актыўных людзей, з якімі Ірына Яскевіч хоча падтрымліваць стасункі і далей. Яна хоча запрашаць іх на дыскусіі па палітычных пытаннях, арганізоўваць сустрэчы з беларускімі аналітыкамі і эканамістамі, каб пасля досведу працы на сфальшаваных выбарах людзі не страцілі веру ў сябе і ў свае сілы.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск