Ці адбылася выбарчая катастрофа?



У Беларусі завяршылася палітычная кампанія, якую напярэдадні шматлікія аналітыкі называлі рэпетыцыяй будучых прэзідэнцкіх выбараў. Калі глядзець на так званыя выбары ў Палату прадстаўнікоў праз прызму праверкі гатоўнасці вертыкалі забяспечыць патрэбны вынік, то можна сказаць, што гэтая задача функцыянерамі ЦВК, сябрамі выбаркамаў, ідэалагічнай вертыкаллю і сілавікамі была выкананая на 100%. Ніводзін апазіцыянер у парламент не патрапіў, незалежным журналістам указалі на іх месца, а назіральнікам паабяцалі «адкруціць галовы».

Асабіста для мяне героямі сёлетняй выбарчай кампаніі сталіся незалежныя кандыдаты, якія не асабліва азіраліся на папярэджанні, працягвалі ў агітацыі выкарыстоўваць «стоп-словы» «карупцыя», «АЭС», «імпічмент» і гэтак далей. Дзякуючы прадстаўнікам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху «За свабоду», «Еўрапейскай Беларусі» на нашых вуліцах цягам некалькіх тыдняў луналі бел-чырвона-белыя сцягі, а з мегафонаў гучалі палітычныя лозунгі, якія звычайна прагаворваюцца цішком на кухнях. Нягледзячы на цэнзуру на дзяржаўным тэлебачанні, апазіцыйныя кандыдаты змаглі данесці да часткі электарату вельмі просты месыдж, што эканоміка ўсё-такі напрамую залежыць ад таго, як і каго мы выбіраем. Калі выступы дэмакратычных кандыдатаў не пускалі ў эфір, яны знайшлі выйсце ў тым, што распаўсюджвалі відэазвароты ў сацыяльных сетках, якія праглядзелі сумарна сотні тысяч грамадзянаў. Хаця б з гэтага гледзішча ўдзел у выбарах быў апраўданы.

Асобную падзяку заслужылі незалежныя назіральнікі, якія зафіксавалі разыходжанне ў афіцыйных лічбах і рэальнай яўцы. Дзякуючы ім можна гаварыць пра тое, што «элегантнай перамогі» гэтым разам не атрымалася. Сотні прапагандысцкіх сюжэтаў на дзяржаўным тэлебачанні не вартыя шчырага абурэння маладой дзяўчыны-айцішніцы Ганны Толчыкавай, якая падчас стрыму, ледзьве стрымліваючы слёзы, гаварыла пра несправядлівасць і пахаваныя надзеі пасля шоу пад назвай «падлік галасоў». Не хочацца закранаць этычны аспект усёй гэтай справы, у якую не вераць самі рэжысёры-пастаноўшчыкі, але відавочна, што нічога добрага для краіны ад імітацыі выбарчага працэсу не будзе.

Нягледзячы на сумную поствыбарчую карціну, калі ўлады не паклапаціліся, як у мінулы раз, нават пра сімвалічную прысутнасць апазіцыйных прадстаўнікоў у парламенце, гаварыць пра «катастрофу» усё-такі не выпадае. Па-першае, падкрэслена грэблівае стаўленне да выбарцаў з боку дзяржавы, якое мы назіралі цягам апошняй выбарчай кампаніі, паказвае, што грамадства павінна развітацца з ілюзіяй пра тое, што гэтая ўлада гатовая эвалюцыянаваць і змяняцца. Па-другое, канешне, непрыемна, што ў Палаце прадстаўнікоў няма дэпутатаў, якія прадстаўляюць альтэрнатыўны пункт гледжання. Але, з іншага боку, у складзе так званага парламента не прадстаўленыя адкрытыя ворагі беларускай дзяржаўнасці. То бок, пасля парламенцкіх выбараў беларускае грамадства выйшла з мінімальнымі стратамі. А гэта, між іншым, не самы благі вынік парламенцкай кампаніі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ