Пракурор адклікаў апеляцыю на прысуд Паліенку



Пракурор адклікаў апеляцыйны пратэст на прысуд, вынесены Менскім гарадскім судом анархісту Дзмітрыю Паліенку. Гэта стала вядома з ліста Менгарсуда, які 19 лістапада атрымаў Паліенка, паведамляе праваабарончы сайт palitviazni.info.

25 кастрычніка Менскі гарадскі суд прызнаў Паліенку вінаватым у «асабліва злосным хуліганстве» (ч. 3 арт. 339 КК) і прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Паводле амністыі пакаранне яму скарачаецца на год. Паліенку таксама прызначанае прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Дзяржабвінавачанне запытвала для анархіста шэсць гадоў пазбаўлення волі.

11 лістапада стала вядома, што пракурор Менска Аляксандр Кароль накіраваў у Вярхоўны суд апеляцыйны пратэст на прысуд Паліенку.

Каментуючы тады БелаПАН рашэнне пракурора, актывіст выказаў меркаванне, што суд наўрад ці возьме да ўвагі апеляцыйны пратэст. «У такіх выпадках, калі пракурор просіць адно, а суд дае іншае (мяккі прысуд), пракурор заўсёды выносіць пратэст – гэта нармальна. Яны гуляюць шоу, паказваюць працу», – сказаў Паліенку. Пры гэтым ён не быў упэўнены, што ўлады пакінуць яго ў спакоі.

Адкліканне пракурорскага пратэсту стала для актывіста «поўнай нечаканасцю». «Не разумею аднаго: калі пракурор цяпер адклікаў іск, навошта ён наогул яго падаваў?» – цытуе Паліенку праваабарончы рэсурс.

Дзмітрый Паліенка быў арыштаваны 20 сакавіка 2019 года паводле падазрэння ў злосным хуліганстве. Згодна з версіяй пацярпелага Аляксея Юрына, 13 сакавіка Паліенка распыліў яму ў твар газ з балончыка за зробленую заўвагу пра курэнне ў пад’ездзе. Паліенка віну не прызнаў. Паводле слоў актывіста, яму давялося прымяніць балончык у мэтах самаабароны, бо пʼяны Юрын распачаў бойку.

Улады пераследуюць Паліенку ўжо больш за тры гады. Першы раз ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўдзел у велапрабегу «Крытычная маса» ў красавіку 2016 года ў Менску. Актывіста абвінавацілі ў «гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў» – ён парваў куртку міліцыянеру. Беларускія праваабаронцы прызналі анархіста палітвязнем.

Паліенка вызваліўся ў кастрычніку 2018 года і зноў быў арыштаваны ў сакавіку 2019-га паводле абвінавачання ў некалькіх злачынствах (асабліва злоснае хуліганства; апаганенне збудавання і псаванне маёмасці; распальванне сацыяльнай варожасці). Пазней актывісту таксама выставілі абвінавачанні за нанясенне графіці ў Курапатах і за абразу прадстаўніка ўлады (былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча).

БелаПАН