Плацежны сэрвіс Apple Pay пачаў дзейнічаць у Беларусі



Плацежны сэрвіс Apple Pay стаў даступны ў Беларусі. Першымі ім змогуць скарыстацца кліенты „БПС-Ашчадбанка” — уладальнікі плацежных карт Mastercard і Visa.

Як адзначыла 19 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску выканаўчы дырэктар „БПС-Ашчадбанка” Алена Дземідзенка, Беларусь стала 58 краінай у свеце, дзе даступны гэты плацежны сэрвіс. З 19 лістапада кліенты банка могуць пры дапамозе Apple Pay на iPhone, Apple Watch, iPad і Mac рабіць пакупкі ў крамах, мабільных праграмах і на вэб-сайтах.

„Непасрэдна банкаў-партнёраў у кожнай краіне і дату запуску вызначае кампанія Apple”, — адзначыла Дземідзенка.

Паводле яе слоў, згодна з даследчымі ацэнкамі, доля карыстальнікаў iPhone ў Беларусі ў параўнанні з карыстальнікамі смартфонаў іншых брэндаў складае прыблізна 10%.

Кожная купля праз Apple Pay пацвярджаецца дотыкам пальца да Touch ID або поглядам на экран iPhone для пацвярджэння аперацыі праз Face ID ці ўводам код-пароля на прыладзе.

Як заяўляюць у „БПС-Ашчадбанку”, бяспека і канфідэнцыйнасць ляжаць у аснове Apple Pay. Калі кліент дадае крэдытную або дэбетавую карту ў Apple Pay, нумар карты не захоўваецца ні на прыладзе, ні на серверах Apple. Замест гэтага прысвойваецца ўнікальны нумар уліковага запісу прылады, які шыфруецца і захоўваецца ў яго чыпе. Кожная транзакцыя аўтарызуецца дзякуючы ўнікальнаму аднаразоваму сакрэтнаму коду, які генеруецца дынамічна.

На працягу найбліжэйшых тыдняў плануецца запуск Apple Pay ў іншых банках Беларусі. Чакаецца, што іх будзе больш за дзесяць.

Apple Pay — сістэма мабільных плацяжоў і электронны кашалёк карпарацыі Apple. Гэтай тэхналогіяй могуць карыстацца ўладальнікі „Айфонаў”, „Айпадаў”, гадзіннікаў Apple, а таксама ноўтбукаў Mac, дзе ёсць функцыя Touch ID. Плацежная сістэма грунтуецца на бескантактавай тэхналогіі Near Field Communications.

Apple Pay дазваляе мабільным праграмам Apple рабіць плацяжы ў крамах і інтэрнэце. Яна працуе шляхам лічбавання існых банкаўскіх карт карыстальніка (праз праграму Wallet або фатаграфаваннем карты). Карыстальнік можа выконваць плацяжы з гэтых карт, выкарыстоўваючы не магнітную паласу, а бесправадную сувязь з прылады Apple.

Гэты плацежны сэрвіс быў запушчаны ў ЗША ў 2014 годзе.

belapan.by