Генадзь Фядыніч: Чужыя ім не патрэбны



Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч выказаў сваё меркаванне з нагоды таго, чаму гэтым разам у парламент не патрапіў ніводны прадстаўнік ад апазіцыі.

Генадзь Фядыніч: Калі падчас мінулых парламенцкіх выбараў Ганна Канапацкая і Алена Анісім патрапілі ў парламент, то гэта была хоць нейкая крыніца інфармацыі з Палаты прадстаўнікоў. Грамадства і журналісты даведваліся пра сапраўдныя заробкі народных абраннікаў, пра нейкія дакументы, якія не хацелі агалошваць дэпутаты.

Але зараз улада, відаць, вырашыла, што такія людзі наогул не патрэбны ў парламенце. Яны, можа, і не радыкальныя апазіцыянеры, але ўсё роўна “не свае”. Трэба, каб напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у “палатцы” была агульная згода і адабрэнне генеральнай лініі партыі. Вось таму і зрабілі парламент “стэрыльным”. Туды патрапілі свае людзі, а чужыя ім не патрэбны.

РР: Але ж маглі Захаду паказаць больш прывабную карцінку…

Генадзь Фядыніч: Зараз галоўная задача для ўлады – захаванне гэтай самай улады на прэзідэнцкіх выбарах у наступным годзе. А меркаванне Захада – гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Як бачым, пацяпленне з Захадам абсалютна не паўплывала на афіцыйны Менск, які і не збіраецца змяняць сістэму правядзення выбараў. Хіба што зараз апазіцыянераў ужо ў турмы не кідаюць, і гэта ўлады ўжо падаюць, як вялікі крок да дэмакратызацыі. Але ў нас нярэдка бывае так: улады робяць адзін крок наперад, а пяць крокаў назад.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя