АБСЕ незадаволена выбарамі ў Беларусі. Што далей?



Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак распавёў пра тое, ці будуць для ўлады Беларусі нейкія наступствы пасля таго, як АБСЕ дало негатыўныя ацэнку працэдурам правядзення выбараў у Беларусі.

Як вядома, міжнародныя назіральнікі Парламенцкай асамблеі АБСЕ і БДІПЧ АБСЕ па выніках назірання прыйшлі да высновы, што выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі не адпавядалі важным міжнародным дэмакратычным стандартам.

Назіральнікі ад АБСЕ лічаць, што гэтыя выбары прадэманстравалі «поўную адсутнасць выканання дэмакратычных абавязацельстваў».

У ЕЗ дадалі таксама, што ўлады Беларусі «ўпусцілі магчымасць правесці выбары ў поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі».

Алег Гулак: АБСЕ не робіць прызнанне альбо непрызнанне выбараў, а ўсяго толькі аналізуе адпаведнасць выбарчых працэдур міжнародным стандартам. А вось прызнаваць легітымным орган, які абраны ў выніку такой працэдуры альбо не, гэта ўжо палітычнае рашэнне, якое будуць вырашаць іншыя структуры.

І зараз мы бачым, што, нягледзячы на прэтэнзіі і крытыку да беларускіх выбараў, працэс беларуска-еўрапейскіх стасункаў на высокім узроўні не спыняецца.

РР: Ці будуць еўрапейскія парламенцкія структуры супрацоўнічаць з новым беларускім парламентам?

Алег Гулак: На мой погляд, узровень стасункаў будзе развівацца і ў гэтай сферы, хаця, натуральна, цалкам забыцца пра гэтую крытыку парламентарыям будзе складана. Як мінімум, адразу пасля выбараў не будзе абмена парламенцкімі дэлегацыямі.

Але, па вялікім рахунку, усё будзе залежыць ад агульнай дзяржаўнай палітыкі. Калі будзе палітыка ў тым рэчышчы, што чакае Захад, то, можа быць, праз нейкі час і парламенцкае супрацоўнітва аднавіцца. Тым больш, што вялікага чакання, што працэдуры выбараў у Беларусі моцна зменяцца і не было.

Увогуле ж, тыя міжнародныя назіральнікі, якія бачылі выбарчы працэс, былі проста здзіўлены і расчараваны. Напрыклад, назіральнікі з Прыбалтыкі казалі так: «Мы як быццам пабывалі на выбарчых участках у савецкія часы».

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя