Да студзеня Беларусь будзе тэхнічна гатова да ўвядзення ID-карт



Да студзеня 2020 года ў Беларусі будзе створана тэхнічная інфраструктура для ўвядзення ідэнтыфікацыйных карт грамадзян, якія заменяць цяперашнія пашпарты, паведаміў начальнік упраўлення стратэгічнага развіцця Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Сяргей Новікаў.

Ён паведаміў, што ў ID-карту будзе ўбудаваны чып з біяметрычнымі дадзенымі аб грамадзяніне, а таксама яго электронны лічбавы подпіс.

Для выезду за мяжу беларусам будзе выдавацца біяметрычны пашпарт. У будучыні для паездак за мяжу можна будзе выкарыстоўваць і нацыянальную ID-карту, аднак найперш беларускія ID-карты павінны быць прызнаныя міжнароднай арганізацыяй, якая забяспечвае абмен дадзенымі і ўзаемнае прызнанне біяметрычных дакументаў.

Па словах прадстаўніка Мінсувязі, Беларусь ужо ўступіла ў гэтую арганізацыю.

Беларускае Радыё Рацыя