Футбольная зборная Беларусі бясслаўна завяршыла сезон



Футбольная зборная Беларусі няўдала завяршыла адзін з горшых сезонаў у сваёй гісторыі. У таварыскай сустрэчы ў Чарнагорыі Беларусь саступіла 0:2. Зыход сустрэчы фактычна быў вырашаны ўжо на 14-й хвіліне, калі гаспадары поля забілі другі мяч. Першы здарыўся на 9-й хвіліне. Пры тым каманда Чарнагорыі з-за траўмаў выступала не ў аптымальным складзе.

У другой палове матча шматлікія замены ўзмацнілі гульню беларускай зборнай, але рэальных момантаў забіць яна стварыла зусім няшмат. У выніку чарговая параза і чарговая хваля безнадзейнасці для айчынных заўзятараў футболу.

***

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі 19 лістапада правядуць апошні матч сезона. Падапечныя Міхаіла Мархеля ў Падгорыцы сустрэнуцца ў таварыскім паядынку з камандай Чарнагорыі. Абедзве каманды ўжо завяршылі адборавы турнір Еўра-2020, але не здолелі наўпрост трапіць у фінальную частку. Беларусы яшчэ маюць шанцы прабіцца на кантынентальнае першынство праз матчы плэй-оф Лігі нацый, якія адбудуцца вясной 2020 года. Перад сустрэчай беларусы прайгралі ў гасцях камандзе Германіі (0:4), а чарнагорцы таксама на выездзе з буйным лікам саступілі Англіі (0:7).

Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) правядуць 19 лістапада чарговы матч адборавага турніру першынства Еўропы-2021. У сваім пятым паядынку 7-й кваліфікацыйнай групы беларусы згуляюць у гасцях у аўтсайдэра каманды Гібралтара. У стартавым паядынку адборавага турніру беларуская „маладзёжка” разграміла гібралтарцаў ў Жодзіне з лікам 10:0.

65 беларусаў з 13 відах спорту выканалі нарматывы на Гульні-2020 у Токіо

65 беларускіх атлетаў у 13 відах спорту выканалі алімпійскія кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматывы, якія дазваляюць удзельнічаць на Алімпіядзе-2020 у Токіо. Пра гэта паведаміў міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук на алімпійскім сходзе. Лічба гэтая неканчатковая, у першую чаргу надзеі звязваюцца з батутыстымі, якія 28-30 лістапада будуць выступаць на чэмпіянаце свету ў Токіа.

„Лос-Анджэлес Гэлаксі” прапанаваў Эдзінсану Кавані кантракт з заробкам у €7 млн ​​у год

„Лос-Анджэлес Гэлаксі” вядзе перамовы з уругвайскім нападнікам „ПСЖ” Эдзінсанам Кавані. Амерыканскі клуб прапанаваў футбалісту заробак у памеры ў €7 млн ​​у год. У складзе „Лос-Анджэлес Гэлаксі” Кавані можа замяніць шведскага форварда Златана Ібрагімавіча, які адмовіўся працягваць кантракт з клубам. Таксама Кавані ўваходзіць у сферу інтарэсаў „Інтэр Маямі” і „Атлетыка”.

Вячаслаў Андрушчанка зарабіў 21 бамбардзірскі бал ў сезоне

Выніковая перадача Вячаслава Андрушчанкі дапамагла „Ладзе” абыграць у гасцях ЦСК ВВС. У пасляматчавай серыі булітаў беларускі форвард тальяцінцаў не рэалізаваў сваю спробу. Андрушчанка занёс у актыў 21-й бал па сістэме „гол+пас” ў гэтым сезоне. На яго рахунку 10 галоў і 11 пасоў пры паказчыку карыснасці +5.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя