Гібрыднае рашэнне беларускага МЗС



Інтрыга наконт удзелу прадстаўнікоў афіцыйнага Менска на перапахаванні Кастуся Каліноўскага вырашылася. Згодна паведамленню Міністэрства замежных справаў, апублікаванага на афіцыйным акаўнце ў Фэйсбуку, на цырымоніі ўшанавання памяці правадыроў вызвольнага паўстання 1863-1864 гг. улады Беларусі будуць прадстаўленыя на ўзроўні віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнкі. Адметна, што МЗС падчас камунікацыі з грамадзянамі актыўна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі, заігрываючы з лідарамі меркавання. У прыватнасці, адказ грамадству дадзены ў манеры паўафіцыйнай справаздачнасці перад літаратарам Андрусём Горватам.

Некалькі месяцаў таму, калі грамадскасць у Беларусі дазналася наконт планаў літоўскіх уладаў аб перанясенні парэштак кіраўнікоў паўстання з гары Гедыміна ў капліцу на могілках Росы ў Вільні, папулярны беларускі пісьменнік Андрусь Горват напісаў эмацыйны зварот да міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. У ягоным паведамленні акцэнтавалася ўвага на тым, што постаць Кастуся Каліноўскага вельмі важная для кожнага беларуса. Літаратар зазначаў, што, незалежна ад сучасных ацэнак, у беларускай традыцыйнай культуры прынята з павагай ставіцца да памерлых, не адмаўляць ім у праве быць ушанаванымі. Нечакана для многіх беларускае МЗС у асобе Уладзіміра Макея адказала, што беларускі бок не ігнаруе падзею. Маўляў, Беларусь зробіць усё магчымае, каб аддаць даніну павагі вядомаму дзеячу ХІХ стагоддзя. Але да апошняга моманту заставалася невядомым, хто канкрэтна паедзе ў Вільню на цырымонію перапахавання. Няма сумневу, што прамаруджванне афіцыйнага Менска ў пытанні прадстаўніцтва на цырымоніі перапахавання было абумоўленае вывучэннем рэакцый грамадскасці і расейскага боку.

І вось пасля заканчэння важнай парламенцкай кампаніі ўлады агучылі рашэнне, якое мае прыкметы гібрыднага. Адсутнасць на статусным мерапрыемстве першай асобы беларускай дзяржавы можна патлумачыць дзвюма прычынамі. Па-першае, Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на крытычныя выказванні апошніх дзён у бок Саюзнай дзяржавы, асцерагаецца рабіць учынкі, якія б выразна сведчылі пра разрыў стасункаў. З улікам таго, як нервова Крэмль ставіцца да замахаў на канцэпцыю пра “трыадзіную рускую нацыю”, прысутнасць кіраўніка Беларусі на перапахаванні лідараў антырасейскага паўстання была б выразным сігналам. Па-другое, чыста з псіхалагічнага гледзішча беларускаму кіраўніку было б няўтульна на мерапрыемстве ў прысутнасці лідараў дэмакратычных краінаў і прадстаўнікоў беларускай апазіцыі з нацыянальнай сімволікай. Прыблізна па гэтых жа прычынах у Вільню ад Беларусі не паехаў міністр замежных справаў Уладзімір Макей, якога рэакцыйныя колы ў Расеі лічаць ці не галоўным прыхільнікам “дрэйфу” Менска ў бок Захаду. Разам з тым, праігнараваць мерапрыемства, якое знаходзіцца ў цэнтры ўвагі беларускага грамадства, улады таксама не маглі. Таму і прынялі кампраміснае рашэнне, каб, з аднаго боку, не раздражняць Крэмль, а, з іншага, паказаць, што ўлады не дыстанцуюцца ад пасіянарнай часткі насельніцтва.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ