Краязнаўчыя чытанні ў гонар Караткевіча



23 лістапада ў Воршы пройдуць краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу.

Імпрэзу рыхтуе Аршанская рада Таварыства беларускай мовы і мясцовыя краязнаўцы. Узяць удзел у ёй збіраюцца таксама даследчыкі з Віцебску і Менску, а паведамленні па пошце дасылаюць нават з замежжа.

Адзіная праблема арганізатараў – гэта пошукі адпаведнага памяшкання, распавёў старшыня гарадской рады ТБМ Юры Нагорны:

– На жаль, ніяк мы не можам наладзіць стасункі з нашымі ўладамі. Даслалі афіцыйны ліст на імя намесніка старшыні райвыканкаму Калачова, каб нам прадаставілі музей Караткевіча або бібліятэку імя Караткевічу. Але водгуку пакуль няма, а вусна нам паведамілі, каб чакалі пісьмовага адказ

Арганізатары запэўніваюць, што чытанні адбудуцца ў любым выпадку, i памяшканне знойдуць без удзелу чыноўнікаў. Хаця было б пажадана, каб і яны праявілі належную павагу да памяці пісьменніка, які нарадзіўся ў Воршы, і 89-я ўгодкі якога будуць адзначацца 26-га лістапада. Краязнаўчыя чытанні распачынаюць цэлы шэраг імпрэзаў, падрыхтаваных прыхільнікамі творчасці Уладзіміра Караткевіча да гэтай даты. І досвед арганізатараў вельмі прыдасца ў наступным годзе, кажа Юры Нагорны:

– У наступным годзе будзе 90-годдзе з дня нараджэння нашага класіка. Таму мы ўжо цяпер рыхтуемся, праводзім, як кажуць, генеральную рэпетыцыю, каб года ягонага імя і годна нашай Радзімы адзначыць юбілей Уладзіміра Караткевіча.

Сёлета 26-га лістапада адбудзецца ўжо традыцыйнае ўскладанне кветак да помніка пісьменніку, а 30-га лістапада ўпершыню пройдзе Фэст памяці Уладзіміра Караткевіча, падрыхтаваны Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з Аршанскай філіяй Таварыства беларускай мовы.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя