Закрытую частку перапахавання Кастуся Каліноўскага – глядзіце на «Белсаце»



Калі 22 лістапада не можаце быць у Вільні на перапахаванні Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў 1863–1864 гг., – глядзіце «Белсат».

«У нас можна будзе пабачыць больш, чым на месцы», – упэўнены Аляксей Дзікавіцкі.

Намеснік дырэктара тэлеканалу кіруе рыхтаваннем трансляцыі цырымоніі, якую «Белсат» пакажа праз спадарожнік і ў інтэрнэце. Гэты жывы эфір будзе адным з найдаўжэйшых у гісторыі тэлеканалу.

Што чакае гледачоў падчас спецэфіру – распавядае Аляксей Дзікавіцкі.

Мабільная студыя “Белсата” будзе на Катэдральнай плошчы, насупраць Віленскай архікатэдры. Менавіта там плануюцца галоўныя ўрачыстасці – развітанне з парэшткамі паўстанцаў, святая літургія, і там будуць прамаўляць прэзідэнты. Усё гэта плануе тэлеканал паказаць у жывым эфіры.

РАЗВІТАННЕ З КАЛІНОЎСКІМ

Усё пра пахаванне герояў у Вільні:

Прэзідэнты будуць прамаўляць на розных мовах.«Белсат» забяспечыць пераклад, каб гледачы ўсё зразумелі. Будуць працаваць перакладчыкі з літоўскай і польскай моваў на беларускую.

Не ўсе змогуць трапіць на літургію і прамову прэзідэнтаў у Катэдру – усё будзе праходзіць за зачыненымі дзвярыма. З 9 раніцы будзе паўтары гадзіны на развітанне – кожны зможа пайсці і развітацца з паўстанцамі, парэшткі якіх выставяць у Катэдры. Пазней касцёл зачыняць, і пачнуцца ўрачыстасці.

«Белсат» скарыстаецца сігналам Літоўскага тэлебачання LRT, якое, як гаспадар гэтай падзеі, будзе ўсё здымаць унутры Катэдры. Святар або тэолаг у студыі “Белсат” будзе тлумачыць элементы набажэнства.

Гэта незвычайная літургія: па-першае, там будуць тры біскупы – беларускі, літоўскі і польскі. Па-другое, некаталікам некаторыя фрагменты могуць быць незразумелыя, таму адмысловы каментатар будзе каментаваць, не замінаючы слухаць святара.

Гэта будзе адзін з надаўжэйшых эфіраў у гісторыі «Белсату». Ён будзе доўжыцца каля 7 гадзінаў.

У касцёле выступяць прэзідэнты Літвы ды Польшчы. Кіраўнік Беларусі ў Вільню не збіраецца. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якая таксама будзе ў Вільні, выступіць са зваротам.

Мяркуецца, што яна запіша яго яшчэ ў Канадзе. Пасля прамоваў прэзідэнтаў Польшчы і Літвы “Белсат” пакажа выступ Івонкі Сурвілы ды інтэрв’ю з ёй у студыі.

У студыі будуць працаваць вядоўцы – Вольга Швед і Валеры Руселік на змену з Глебам Лабадзенкам. Каля Катэдры і на могілках Росы будуць нашыя карэспандэнты – Павал Мажэйка і Вітаўт Сіўчык. Журналісты будуць каментаваць тое, што адбываецца перад камерамі, запрашаць гасцей. “Белсат” пройдзем з працэсіяй шляхам ад Катэдры да могілак Росы.

22 лістапада глядзіце жывы эфір з перапахавання Каліноўскага і паўстанцаў у Вільні на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), або онлайн. Пачнецца а 10 раніцы паводле менскага часу.

Паводле belsat.eu