Каля ўсходняй мяжы Курапатаў усё ж паўстане выставачны цэнтр



Планаванае месца ўзвядзення Нацыянальнага выставачнага цэнтра на полі паміж Курапатамі і “Экспабелам” не супярэчыць заканадаўству. Пра гэта ў адказе на зварот грамадскасці да прэм’ер-міністра краіны Сяргея Румаса паведаміў намеснік старшыні Менскага аблвыканкама Іван Маркевіч.

Паводле яго, участак, на якім плануецца будаўніцтва выставачнага цэнтра, прадстаўлены ворнымі землямі і знаходзіцца ў зоне рэгуляванага будаўніцтва. Разам з тым, як зазначаецца ў адказе, названы ўчастак адносіцца да тэрыторыі, што падлягае спецыяльнаму надгляду, бо месціцца ў зоне санітарнай аховы водазабору “Навінкі”.

Іван Маркевіч лічыць неабгрунтаваным наданне статусу “Месца нацыянальнай памяці” полю паміж Курапатамі і “Экспабелам”.

Нагадаем, што з 24 верасня больш за 750 грамадзян звярнуліся да кіраўніка ўраду з прапановай адмовіцца ад узвядзення НВЦ каля ўсходняй мяжы Курапатаў.

Беларускае Радыё Рацыя