Што сайты выканкамаў пішуць пра Каліноўскага
Адгадайце, колькі афіцыйных мерапрыемстваў з нагоды перапахавання Кастуся Каліноўскага пройдзе ў Беларусі? Правільна, ніводнага. А хоць адзін сайт выканаўчай улады напісаў пра гэтую важную для беларусаў падзею? Правільна, ніводны. Затое на сайце Магілёўскага аблвыканкама з рубрыкі “Гэты дзень у гісторыі” я даведадалася, што год таму ў аграгарадку Леніна Краснапольскага раёна адбыўся ганаровы пуск прыроднага газу. Вельмі радая я за аграгарадок Леніна, а асабліва за ягоных жыхароў, якім, можа быць, гэтай зімой не давядзецца атапліваць дамы дровамі і якія змогуць перайсці на прыродны газ. Можа быць, праз год у рубрыцы “Гэты дзень у гісторыі” з’явіцца інфармацыя пра перапахаванне Кастуся Каліноўскага ў Вільні.
А з анонсаў Гарадзенскага аблвыканкама я даведалася, што ў Смаргоні адбудуцца Дажынкі з узнагароджаннем лепшых хлебаробаў і выставаў сельскагаспадарчых жывёлаў. Сапраўды, якое перапахаванне Каліноўскага, калі ў Смаргоні будзе выстава тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Гарадзеншчыны ў межах Дажынак. Які Каліноўскі, калі там будзе адбывацца конкурс на самую вялікую гародніну.
Віцебшчына і яе чыноўнікі жывуць будаўніцтвам новых малочна-ганлёвых комплексаў. А ў аграгарадку Барздоўка будуць створаныя ўсе ўмовы для камфортнага жыцця. Шкада, што ў 21 стагоддзі ўмовы для камфортнага жыцця створаныя толькі ў аграгарадку Барздоўка. Можа быць хоць там, раз у аграгарадку стала дзейнічаць бібліятэка, прачытаюць пра тое, хто такі Кастусь Каліноўскі. А вось Берасцейскі аблвыканкам паведамляе, што ў Тэлеханах запускаецца новы цэх па вырабе лыж. У Гомельскім аблвыканкаме жывуць танцамі і будучым фестывалем сучасных і эстрадных танцаў. Відаць, за падрыхтоўкай да будучых спаборніцтваў розных “народных” ды “ўзорных” харэаграфічных калектываў на Каліноўскага на Гомельшчыне забыліся. Мінскі аблвыканкам паведамляе ўсім, што на Міншчыне павялічылася вытворчасць малака. А гарвыканкам Мінска паведамляе, што ў сталіцы высадзілі больш за 12 тысячаў дрэваў. І ніводнага радка няма пра перапахаванне Каліноўскага. Затое, калі было 100-годдзе камсамолу, то кожны выканкамаўскі сайт пісаў, і не адзін раз, пра гэтую. вельмі далёкую для беларусаў падзею.