Жорстка збіты актывіст «Альтэрнатывы» Аляксей Шубара



Актывіст грамадскага аб’яднання „Альтэрнатыва” Аляксей Шубара, які 12 снежня мінулага года правёў у Менску пікет супраць палітыкі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, моцна збіты. Адзіночны пікет тады адбыўся на Кастрычніцкай плошчы. Шубара трымаў плакаты „Людзі, трэба тэрмінова спыніць Пуціна”, „Не сусветнай вайне”. За пікет ён быў асуджаны на 7 сутак арышту. Па словах кіраўніка „Альтэрнатывы” Алега Корбана, крыху больш чым праз месяц на яго быў здейснены напад. Зараз Шубара знаходзіцца ў шпіталі „хуткай дапамогі”.

– 17-га студзеня ўвечары яго збілі невядомыя асобы, прычым так, што ён толькі на трэці дзень прыйшоў у прытомнасць у шпіталі. Дактары пакуль што ніяк не каментуюць, нібыта яшчэ праводзяцца даследванні. Сказалі, што яшчэ мінімум тыдзень будзе знаходзіцца ў іх. Таксама дакладна не кажуць, дзе яго падабрала “хуткая дапамога”. Няма ніякіх падрабязнасцяў. Калі мы яго наведалі, то ён з цяжкасцю перасоўваўся. Хадзіў, але кепска сябе адчуваў. І не памятае, што магло здарыцца і чаму.

Па словах Алега Корбана, пакуль няма фактаў, каб абвінавачваць кагосьці ў гэтым злачынстве. Але выклікае здзіўленне, што ў Аляксея Шубары пасля нападу знік пашпарт, хаця нападнікі не ўзялі грошай і мабільнага тэлефону. Аляксей Шубара падрыхтаваў заяву ў міліцыю ў сувязі з нападам.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота alternativaby.com