Пра падзею, якая мусіць аб’ядноўваць
22 лістапада ў Вільні адбываецца падзея, якая павінна прыцягнуць увагу ўсяго беларускага народу, але да якой, на вялікі жаль, ёсць справа толькі незалежнаму грамадству. Пахаванне аднаго з айцоў-заснавальнікаў беларускай мадэрнай нацыі, шляхціца, рэвалюцыянера, палітыка і паэта Кастуся Каліноўскага на могілках Росы – сімвалічная акцыя, якая мусіла б аб’ядноўваць, але ў рэальнасці многае выглядае інакш.
Беларуская дзяржава сваё стаўленне да важнай падзеі выказала, адправіўшы на цырымонію пахавання Кастуся Каліноўскага другараднага чыноўніка. У той час як Літва і Польшча будуць прадстаўленыя на ўзроўні прэзідэнтаў краіны. Чакаць іншага ад дзяржавы, якая ў падручніках для школьнікаў называе вызвольнае паўстанне “польскім”, дазваляе праводзіць сумнеўныя канферэнцыі, на якіх беларускага рэвалюцыянера называюць бандытам, не выпадае. У афіцыйнай ідэалогіі для бескампраміснага і радыкальнага дзеяча няма месца, паколькі ён і ў ХХІ стагоддзі здольны натхняць сваім прыкладам моладзь, ягоныя выявы тыражуюцца на майках, у гонар Каліноўскага называюць бары. Словам, Кастусь застаецца адным з найбольш папулярных беларускіх герояў, які свядома пайшоў на смерць дзеля таго, каб праект Беларусь адбыўся.
У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, якія ўздымаліся на вызвольныя паўстанні у 1794 і 1830-х гг., ён бачыў поспех змагання толькі ў тым выпадку, калі пад сцягам інсургентаў аб’яднаюцца прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. Сваім разуменнем нацыі ён апярэдзіў многіх сучаснікаў, якія мыслілі толькі ў катэгорыях адраджэння шляхецкай Рэчы Паспалітай. І ягоны заклік сапраўды знайшоў водгук у шырокіх народных масах. Гісторык Васіль Герасімчык падае звесткі, што за перыяд паўстання ў ім магло ўдзельнічаць да 75 тысяч чалавек, з якіх амаль траціна – гэта прадстаўнікі сялянства. Магчыма, іх было б болей, але ўмовай для прыняцця ў атрады была наяўнасць зброі. Паводле дадзеных даследчыка, у гарадзенскай турме пасля падаўлення паўстання большую частку вязняў складалі менавіта сяляне. Таму можна смела называць гэтае паўстанне агульнанацыянальным. Перамогі паўстанцы не дамагліся па аб’ектыўных прычынах, паколькі ім супрацьстаяла ўся імперская машына. А сімпатыі вольнай Еўропы не трансфармаваліся ў штосьці больш канкрэтнае кшталту вайсковай альбо збройнай дапамогі. Няма сумневу, што імперыя ўзненавідзела Каліноўскага менавіта праз ягонае памкненне аб’яднаць усіх беларусаў. Таму і расправіліся над ім паказальна, нібыта з бандытам. Ад павешання яго не ўратавала шляхецтва. Ды і не прасіў ён літасці ў карнікаў, заявіўшы ля шыбеніцы на пляцы Лукішкі, што “ў нас усе роўныя”. У адказ карнікі паставіліся да парэшткаў свайго апанента па-варварску, кінуўшы цела ў яму са звязанымі рукамі і засыпаўшы забітых паўстанцаў вапнай. Доўгія дзесяцігоддзі цела правадыра паўстання праляжала ў зямлі, каб быць урачыста пахаваным у 2019 годзе ў Вільні.
Кастусь Каліноўскі, як трапна піша літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч, можа быць героем хоць васьмі народаў, але паэзію ён ствараў па-беларуску.