Мітрапаліт Кандрусевіч: Каліноўскі ўсведамляў беларусаў як асобную нацыю



„Каб абараніць права, дадзеныя Богам” – так ахарактарызаваў архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заслугу паўстанцаў 1863-64 года ў выступе на святой імшы ў віленскай катэдры.

Менавіта паўстанне і яе кіраўнік Кастусь Каліноўскі акрэслілі права беларускага народа на самавызначэнне.

Кажа архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

– Сын беларускага народа, лідар нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся незвычайнай сілаю духа і з’яўляўся адным з кіраўнікоў паўстання. Таму сённяшняя падзея мае таксама вельмі вялікае значэнне для Беларусі. Канстанцін Каліноўскі належыць нашай гісторыі і да тых, хто ўвасабляў беларусаў як асобную нацыю, якая мае права на самавызначэнне.

Як сказаў іерарх рыма-каталіцкай Царквы ў Беларусі, у дзеях Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў мы бачым своеасаблівы альтруізм. А само паўстанне пакінула свой след у гісторыі.

Вокліч на пляцы Гедыміна: „Жыве Беларусь!” па завяршэнні выступа Тадэвуша Кандрусевіча падтрымалі сотні беларусаў, што прыехалі на ўрачыстасць у Вільню.

Беларускае Радыё Рацыя