Больш за 31 тысячу пачак цыгарэт з беларускімі акцызамі затрымалі ў Кузніцы



Больш за 31 тысячу пачак цыгарэт з беларускімі акцызамі затрымалі мытнікі ў памежным пункце пропуску Кузніца.

Па словах прэс-сакратара Мытнай палаты ў Беластоку Мацея Чарнэцкага, кошт кантрабанды складае каля 340 тысяч польскіх злотых, а беларусу, які здзейсніў правапарушэнне, давядзецца адказаць перад судом.

– Гэтым разам у транспарце, які мусіў заехаць на тэрыторыю Польшчы па “зялёным калідоры” знайшлі 31 тысячу пачак кантрабандных цыгарэт з беларускімі акцызамі. Беларускаму кіроўцу пагражае страта нелегальнага тавару і аўтамабіля, прыстасаванага для правозу кантрабанднага тавару. 

Як паведамляла раней Беларускае Радыё Рацыя, падляшскія мытнікі працягваюць знаходзіць цыгарэты ў самых нечаканых схованках.

У 2014 годзе імі было канфіскавана больш за 2 мільёны 300 тысяч пачак цыгарэт, агульны кошт якіх ацэньваецца ў 56 мільёнаў злотых.

Антон Раузмоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Падляшскія мытнікі знаходзяць цыгарэты ў самых нечаканых схованках. У 2014 годзе імі было канфіскавана больш за 2 мільёны 300 тысяч пачак цыгарэт, агульны кошт якіх ацэньваецца ў 56 мільёнаў злотых.

“За кантрабанду і нелегальны гандаль тытунёвымі вырабамі затрымалі каля 7,5 тысяч чалавек”, – падводзіць вынікі году прэс-сакратар Падляшскай мытнай службы Мацей Чарнэцкі:

 – На памежных пераходах на польска-беларускай мяжы знаходзім больш кантрабандных цыгарэтаў, чым на мяжы польска-літоўскай. Практычна любое вольнае месца ў аўтамабіле можа быць скарыстана для правозу цыгарэтаў. Цыгарэты хаваюць у колах, у баках, у газавых балонах. А бываюць схованкі, напрыклад, у торце, у буханках хлеба.

Акрамя цыгарэт, мытнікі канфіскавалі каля 11,5 тысяч літраў алкаголю, а таксама харчовыя тавары, лекі і падробленыя касметычныя вырабы.

Большасць канфіскаванага тавару знішчаецца, але частка, напрыклад, вопратка, перадаецца дабрачынным арганізацыям. У выпадку канфіскацыі аўтамабіля, яго пазней прадаюць на аукцыёнах.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя