Прапановы па экспазіцыі дома сям’і Караткевіча
Пры пабудове экспазіцыі вельмі важна не ператварыць мемарыяльны дом, дзе была напісана аповесць “Дзікае паляванне Караля Стаха” у склад старых рэчаў 50-70-ых гадоў.
Склад рэчаў, які ў большай ступені нагадвае танную вінтажную краму – адна з асноўных пастак, у якую можна патрапіць пры пабудове экспазіцыі ў доме сям’і Караткевічаў па вуліцы Караткевіча 10 ў Воршы.
Экспазіцыя такога роду будзе выклікаць толькі нуду.
Экспазіцыя, як і кніга – гэта гісторыя, якую музейны супрацоўнік распавядзе наведвальнікам.
Таму ў экспазіцыі ў доме сям’і Караткевічаў варта абапірацца на тэксты Уладзіміра Караткевіча.
Рэчы ў такога роду экспазіцыі адыгрываюць ролю сімвалаў.
Рэліквіі, прадметы-сімвалы.
Дом сям’і Караткевічаў ўнікальны тым, што ён сапраўды мемарыяльны, гэта дом, які памятае пісьменніка, быў складзены ўласнымі рукамі бацькі пісьменніка ў 1946 годзе. Бацьку дапамагала ўся сям’я.
Даваенны дом быў разбураны, сям’я не мела свайго жытла, вярнуўшыся з эвакуацыі. Гэты дом стаў сапраўдным выратаваннем. 23 лістапада на Караткевiчаўскiх чытаннях ў Воршы, выступіў гісторык Вiктар Лютынскi і распавёў пра пошукi ўсiх дамоў, дзе жыў Караткевiч у дзяцiнстве да Другой сусветнай вайны – усе будынкi не захавалiся, былi на вулiцы Ленiна i Карла Маркса. Распавёў таксама і пра дом, у якім сям’я жыла пасля вяртання з эвакуацыі да 1946 года – гэта малавядмы факт (адкрыццё Лютынскага) – дом па адрасе Пралетарская 50, захаваўся.
Дом, складзены бацькам пісьменніка ў 1946 годзе, перацярпеў нязначныя змены.
Дом сям’і Караткевіча дакладна апісаны ў рамане “Нельга забыць”.
На гэтыя тэксты варта арыентавацца пры пабудове экспазіцыі.
Пачынаючы з 85-й старонкі 3-га тома збору твораў Караткевіча, можна фактычна апісана ўсё, што можа быць прыцягальнага ў доме.
Раман “Нельга забыць” – кніга, дзе Ворша апісаная з фатаграфічнай дакладнасцю, хаця большая частка дзеяння адбываецца ў Маскве.
Прыезд у Воршу, шлях з вакзала да вуліцы Касманаўтаў (цяпер Караткевіча) апісаны ў рамане Уладзіміра Караткевіча “Нельга забыць”. Твор мае падназоў “Раман амаль што сентыментальны. Першы раз быў надрукаваны ў 1962 годзе пад назвай “Леаніды не вернуцца на Зямлю”.
Галоўны герой “Раману амаль сентыментальнага” прыязджае ў родны горад, які ў рамане мае назву Востраў. Горад Востраў цалкам адпавядае Воршы. Горад пазнавальны ў дэталях, пачынаючы ад прывакзальнай плошчы, да вуліцы, на якой героя Караткевіча сустракае маці.
Вось фрагмент рамана, які апісвае прыбыццё героя ў Воршу:
“Гарбаты віядук перакінуўся цераз пуці ад агнёў станцыі кудысці ў цемру. У цемры глуха шапацелі галіны таполяў з рэдкімі жоўтымі кроплямі агнёў, што заблыталіся. На маленькай плошчы за віядукам. Толькі ў адным акне аўтобуснай станцыі ледзь свяціўся цьмяны агеньчык. Ён ішоў вулкаю прадмесця паўз сонныя дамы ў захмараных садах. Вуліца адным канцом ўпіралася ў галоўную вуліцу, другім у Дняпро. Ён ішоў вельмі павольна, здзіўляючыся, як кожны раз, якімі маленькімі сталі дамы, якімі высокімі, ў параўнанні з імі сады. Яшчэ здалёк, за чатыры хаты, пачуў усхваляваны радасна-залівісты брэх куртатага Тобса. Калі ён штурхнуў фортку і прайшоў алейкаю да ганка, у адным акне загарэлася святло: маці пачула брэх, адразу ўсё зразумела і ўстала. Ён не паспеў нават пазваніць, як дзверы адчыніліся. Маці стаяла перад ім у пуховай хусціне, накінутай на плечы. І ён пераступіў парог. Позна ўначы, засынаючы ў сваім пакойчыку, ён доўга слухаў подыхі начнога ветру, сачыў, як святло вулічнага ліхтара цьмяна скача паміж яблынь, пахаваных у снезе. Гэта была Радзіма роднае гняздо, тое што нельга ўзяць ад чалавека, хіба толькі разам з жыццём. Ён змежыў вочы ў зіхценні вогненых плям паплылі перад ім абліччы. І яны таксама былі Радзімай: усе тыя, што адыйшлі, усе тыя, што яшчэ ідуць поруч, усе тыя, што яшчэ будуць”.
На сёння – захаваўся дом, дзе герой Караткевіча бачыў прарочыя сны, панадворак, алейка, дзе сустракае маці.
Захавалася і ліпа, шум у голлі якой слухаў Караткевіч.
Вуліца захавалася. І кожны цікаўны прыхільнік творчасці можа прайсці маршрутам героя “Раману амаль сентыментальнага” – „Нельга забыць”. Варта толькі прыехаць у Воршу.
Лялька Цар Ірад – самы загадкавы прадмет у наборы рэчаў, у своесаблівым рэлікварыі, які паказвае маці галоўнаму герою рамана Уладзіміра Караткевіча “Нельга забыць” – Андрэю. Лялька “цар Ірад” – адзіная рэч, якую прабабка героя, жонка пакаранага смерцю паўстанца 1863 года, павезла ў высылку Сібір:
“На коўдрачцы ляжаў нейкі пажаўцелы рукапіс, некалькі дагератыпаў і фотакартак, бронзавы медаль, батлеечная лялька – цар Ірад, жалезны пярсцёнак, яшчэ нейкія паперы, срэбны медальён. Адзін медаль быў “За ўціхаміранне”, другі інсургенцкі са зламаным крыжам і Пагоняй. Неяк дзіўна было браць іх у рукі. Пацямнелыя сведкі даўніх страсцей, якія нікога зараз ужо не абыходзлі. – А вось гэта добра, – сказала маці, трымаючы на руцэ распяленага “цара Ірада”, – гэта была адзіная рэч, якую твая прабабка павезла ў Сібір. Адзіны напамін аб роднай зямлі. Ірад тапырыўся на яе руцэ, зласлівы з чорнымі вусамі, што амаль вылезлі, у выцвілай царскай вопратцы. Ён варушыў рукамі і схіляў галаву. – Яго ледзе не адабралі ў тваёй прабабкі. Нейкі дурань з чугуннымі мазгамі палічыў, што гэта антыдзяржаўны намёк. Яна наблізіла Ірада да сябе і зараз глядзела яму проста ў шкляныя вочы. Ірад замахнуўся на яе рукой. – Бач ты, які злосны, – маці раптам зусім па-маладому засмяялася. – Трэба будзе яго, Андрэйка, пасля мяне ў музей здаць. Разам з усім”. Раман Уладзіміра Караткевіча ”амаль што сентыментальны “Нельга забыць” упершыню з’явіўся пад назвай “Леаніды не вернуцца на зямлю” быў надрукаваны ў часопісе “Полымя” 1962 год, №5-6.
Экспазіцыю дома сям’і Караткевіча ў Воршы варта заснаваць на прадметах-сімвалах, фотаздымках з апошняга падарожжа па Прыпяці і тэксце рамана “Нельга забыць”.