У Воршы прайшлі краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу



Знакаміты пісьменнік нарадзіўся ў Воршы 26-га лістапада 1930 г., і  краязнаўцы Аршаншчыны па драбніцах збіраюць звесткі пра сям’ю Уладзіміра Караткевіча і пра мясціны гораду, звязаныя з ягоным імем.

На краязнаўчых чытаннях выступілі краязнаўцы з Воршы, Віцебску, Менску. Імпрэза, арганізаваная  аршанскай радай Таварыства беларускай мовы і музеязнаўцай Таццянай Варонінай, стала працягам буйных прэзентацый  даследчыцкай працы, якія даўней адбываліся ў памяць пра знакамітага пісьменніка, згадвае краязнаўца Віктар Лютынскі:

– Калісьці ў Воршы была добрая традыцыя – у канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў, – калі ў Воршы паходзілі не проста гарадскія, а міжнародныя канферэнцыі. Краязнаўства – гэта вельмі важная справа, для таго, каб гараджане ганарыліся сваёй малой радзімай.

У тыя часы было зроблены вельмі шмат, каб захаваць у Воршы памяць пра Уладзіміра Караткевіча:  у ягоны гонар была перайменавана вуліца, пастаўлены помнік, пачалося стварэнне мемарыяльнага музею. Але цяперашнія ўлады мала дбаюць пра тое, каб гэтая справа працягвалася. Таму ўдзельнікі краязнаўчых чытанняў прынялі  рэзалюцыю – зварот да старшыні райвыканкаму, дзе выказаны пажаданні, што да ўшанавання памяці пісьменніка. У наступным годзе мае адбыцца 90-гадовы юбілей Уладзіміра Караткевіча, і таму гэта надзвычай важна, кажа Юрый Нагорны, старшыня аршанскай рады ТБМ:

– Да 90-годдзя пазначыць усе месцы, звязаныя з імем Уладзіміра Караткевіча ў Воршы. Указаць дамы, дзе калісьці жыла сям’я, усталяваць шыльды на школах, дзе ён вучыўся, дзе працаваў. Зрабіць указальнікі на дзвюх дзяржаўных мовах да памятных мясцін, звязаных з імем Караткевіча – музей, бацькоўская хата, вуліца, помнік, школы.

Краязнаўчымі чытаннямі распачаўся цэлы цыкл імпрэзаў, запланаваных да сёлетніх угодкаў пісьменніка  грамадскімі актывістамі. 26-га лістапада, у дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча, адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка пісьменніку, пройдуць літаратурныя чытанні і выктарына. А 30-га лістапада ўпершыню пройдзе Караткевіцкі фэст, арганізаваны супольна актывістамі Таварыства беларускай мовы і сябрамі беларускага ПЭН-цэнтру.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя