Віцябляне ўсклалі кветкі да помніка Уладзіміру Караткевічу



26-га лістапада беларускаму класіку  споўніцца 89 гадоў.

Таццяна Севярынец, каардынатарка аргкамітэту па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, прапанавала сабрацца каля помніка Уладзіміру Караткевічу на два дні раней:

– Дзень народзінаў Уладзіміра Сямёнавіча прыпадае на аўторак, гэта працоўны дзень. Хацелася, каб тут сабралася болей народу, і паводле хрысціянскай традыцыі мы можам памянуць чалавека і напярэдадні ягонага дня народзінаў. Мы сёння сабраліся тут, каб аддаць даніну памяці і павагі гэтаму сапраўднаму беларусу, які ўсім беларусам сказаў: “Мы жывём на сваёй зямлі, і ў яе вялікая, найбагацейшая гісторыя.

Каля помніка прагучалі вершы Уладзіміра Караткевіча, прысутныя прыгадвалі, які ўплыў зрабілі на іх гістарычныя творы пісьменніка, якія насамрэч дапамагаюць усвядоміць  сваю нацыянальную прыналежнасць. Паводле традыцыі, да помніка ўсклалі белыя і чырвоныя кветкі. Гэтая традыцыя жыве ў горадзе ўжо шмат гадоў, і павіншаваць з чарговымі ўгодкамі пісьменніка-земляка віцябляне прыходзяць без усялякага прымусу – проста на покліч душы. Хтосьці абавязкова прыйдзе сюды і 26-га лістапада. А таксама 26-га лістапада адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка Уладзіміру Караткевічу ў Воршы – на ягонай малой радзіме.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя