Улады дапускаюць увядзенне абмежаванняў на валютным рынку
Улады дапускаюць увядзенне абмежаванняў на валютным рынку ў выпадку пагрозы эканамічнай бяспецы краіны. Такая норма замацаваная ў праекце новай рэдакцыі закона «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі».
Паводле звестак БелаПАН, улады могуць пайсці на ўвядзенне валютных абмежаванняў у выпадку рэзкага пагаршэння сітуацыі ў плацежным балансе, узнікнення рызыкі значнага зніжэння золатавалютных рэзерваў і з’яўлення перадумоў для істотнага вагання курсу нацыянальнай валюты. Пры гэтым законапраект прадугледжвае, што валютныя абмежаванні, калі яны зноў з’явяцца на рынку, будуць дзейнічаць не больш за год.
Жорсткія валютныя абмежаванні ў Беларусі ўводзіліся ў 2011 і 2014 гадах на фоне ажыятажнага попыту на валюту. У прыватнасці ўлады вызначалі вузкі пералік тавараў, на набыццё якіх на біржы прадавалася валюта, уводзілі збор за куплю валюты.
У апошнія гады Нацбанк паступова праводзіць лібералізацыю ў гэтай сферы.
Беларускае Радыё Рацыя