Мост над Крапівенкай адрамантавалі дзякуючы націску грамадскасці



Лучнасць незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў дазволіла выратаваць мост над ракой Крапівенкай. На кепскі стан маста звярнулі ўвагу актывісты Зміцер Казлоў і Піліп Шаўроў.

Аднак Крапівенскі сельсавет і Аршанскі райвыканкам спасылаліся на адсутнасць сродкаў, а дзяржаўныя медыя пісалі, што праблема перабольшваецца, а мост і так планавалі пачыніць праз два гады. Тым не менш, калі Зміцер Казлоў балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, ён зноў падняў тэму Крапівенскага маста. У выніку яго пачынілі ўжо ўвосень.

– На Радыё Рацыя быў артыкул. Хартыя перапосціла, а таксама рэгіянальныя медыі. Улады павінны былі на гэта адказаць. Прыслалі адразу камісію. У «Савецкай Беларусі» напісалі, што мост нібыта цэлы, што канапныя эксперты павялічылі небяспеку. Маўляў, 80 працэнтаў мастоў у Беларусі маюць праблемы і адразу ўсе адрамантаваць немагчыма, і гэты мост пастаўлены ў план на 2021 год. Аднак ужо прыканцы кастрычніка мне прыйшоў ліст з Камітэта па архітэктуры і будаўніцтву пра тое, што ўсе працы выкананы, пешаходная частка моста адкрытая. То-бок, выбары робяць цуды.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, кажа Зміцер Казлоў, у Віцебскай вобласці каля 80% мастоў патрабуюць рамонту. У выпадку з Крапівенскім мастом улады проста агарадзілі яго пешаходную частку бардзюрамі, аднак настойлівасць грамадскасці зрабіла ўплыў, і ў выніку мост прывялі да ладу.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша