Дажынкі



Нездарма людзі кажуць: “Адклад не ідзе ў лад… ” Мудра.

Яшчэ тыдзень таму на Беларусі панавала на дзіва цёплае надвор’е і быў шанец у дзяцей і дарослых нармалёва бавіць час на свежым паветры… Да таго ж і нагода была цудоўная 17 лістапада – Міжнародны дзень студэнтаў і Дзень працаўніка сельскай гаспадаркі! Але абласныя “Дажынкі” ў Смаргоні прызначылі на 23-га – апошняя субота восені, быццам у апошні вагон заскочылі… Далей – халадней! Сапраўдная зіма і па адчуваннях, і па календары. Безумоўна, парламенцкія выбары ўнеслі свае карэктывы, але ж гледзячы на замарожаных смаргонцаў і гасцей горада, было іх насамрэч шкада. Асабліва пажылых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, якія насамрэч заслужылі сваё свята.

У астатнім, канечне, загадка, што рабілі ў суботу ў Смаргоні тыя 50 тысяч чалавек, пра якіх аптымістычна напісала раёнка “Светлы шлях”. Насамрэч 50 000? Ну, добра, народу сабралася нямала, было шмат цікавых падворкаў, цэнтр горада насамрэч абнавілі… Рамеснікаў і артыстаў шкада было, якія ў адрозненне ад людзей вольных адбывалі свой працоўны дзень… І калі на вечаровым канцэрце зорак беларускай эстрады людзей было пабольш, то днём ля сцэны ў цэнтры горада было пуставата.

Мы жывем у зоне рызыкоўнага земляробства, і надвор’е маем адпаведнае – ці варта так рызыкаваць дадаткова? Беражыце сябе ад прастуды, спадарства! Статыстыка па зваротах да медыкаў пасля такіх масавых мерапрыемствах наўрад ці будзе агучаная. Кожны з нас сам каваль свайго шчасця і здароўя!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ