Нафтавыя даходы беларускага бюджэту скараціліся на траціну



 Даходы рэспубліканскага бюджэту ад экспартных пошлін на нафтапрадукты ў студзені-верасні 2019 года склалі 992 млн рублёў, што на 33,4% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

У дакладзе Мінфіна пра стан дзяржаўных фінансаў паведамляецца, што ў грашовым выразе даходы ў выглядзе вывазных пошлін ад экспарту нафтапрадуктаў скараціліся на 496,5 млн рублёў.

У выніку доля такіх паступленняў у сукупных даходах бюджэту скарацілася з 5,6% у студзені—верасні мінулага года да 3,5% за аналагічны перыяд гэтага года.

У дакладзе Мінфіна гаворыцца, што сродкі ад нафтавых пошлін накіраваныя на „пагашэнне часткі дзяржаўнага доўгу”.

Як паведамляе ведамства, вывазныя пошліны ад экспарту беларускай нафты ў студзені-верасні 2019 года склалі 233,7 млн рублёў, скараціўшыся на 22% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Удзельная вага такіх паступленняў у сукупных даходах бюджэту паменшылася з 1,8% за студзень-верасень мінулага года да 1,3% за аналагічны перыяд гэтага.

Даходы беларускага бюджэту зніжаюцца з-за расейскага падатковага манеўру ў нафтавай сферы. Першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў раней паведаміў, што з-за ўплыву падатковага манеўру паступленні ў 2020 годзе могуць скараціцца на 537 млн рублёў.

Беларускія ўлады ацэньваюць сукупныя страты, абумоўленыя расейскім падатковым манеўрам, у 10 млрд долараў (у 2019—2024 гадах). У мінулым годзе афіцыйны Менск папрасіў у Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр. У сваю чаргу, Крэмль абумовіў фінансавую падтрымку паглыбленнем эканамічнай інтэграцыі.

На мінулым тыдні пасля перамоў з расейскім прэм’ерам Дзмітрыем Мядзведзевым прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што беларускі бок звязвае падпісанне дакументаў, якія тычацца паглыблення эканамічнай інтэграцыі, з рашэннем пытанняў у нафтагазавай сферы.

belapan.by