Пытанне з перайменаваннем вуліцы „Лупашкі” ў Беластоку зноў „падвісла”



Падляшскі ваявода ануляваў рашэнне гарадской управы Беластока ў справе перайменавання вуліцы маёра Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі” на вуліцу Падляшскую. Рашэнне ваяводы апублікавана ў бюлетэні публічнай інфармацыі Падляшскай ваяводскай управы. Рашэнне ваяводы каментуе радны ад „Форума меншасці Падляшша” Томаш Каліноўскі:

– Лічу, гэта выключна палітычнае ануляванне. ПіС уплываў на ваяводу, каб ён ануляваў гэтае рашэнне. Будзе ў гэтай справе зварот да адміністрацыйнага суда, які напэўна прызнае нашую рацыю. Бо ваявода не спаслаўся ні на які-небудзь канкрэтны юрыдычны пункт, ён не павінен быў прымаць такое рашэнне. Усе падобныя рашэнні ваяводы былі ануляваныя праз суд. Думаю, што і гэтым разам так будзе.

Рада гораду можа ўнесці скаргу ў Ваяводскі адміністрацыйны суд цягам 30 дзён ад дня прыняцця рашэння. Імя „Лупашкі” адной з вуліц на беластокіх Скорупах было нададзена вясной мінулага году па ініцыятыве гарадскіх дэпутатаў „Права і Справядлівасці”, якія тады мелі большасць галасоў у радзе горада. 28 верасня па ініцыятыве дэпутатаў ад „Форума меншасці Падляшша” пры падтрымцы большасці дэпутатаў „Грамадзянскай платформы” вуліцу перайменавалі на Падляшскую.

Вуліца „Лупашкі” ад пачатку выклікала эмоцыі ў Беластоку. Назву вуліцы замалёвалі невядомыя, з’яўляліся надпісы „забойца”.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя