Лукашэнка: Можа, добра, што Калінінградскую вобласць да Беларусі не далучылі



Калінінградская вобласць не проста важны і перспектыўны гандлёва-эканамічны партнёр Беларусі, „гэта геаграфічна і гістарычна вельмі блізкая вобласць”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада ў Менску на сустрэчы з яе губернатарам Антонам Аліханавым.

„Я і Ельцыну, і Уладзіміру Уладзіміравічу [Пуціну] часта казаў, калі абмяркоўвалі нейкія праблемы: Калінінград — гэта наша вобласць, мы за яе адказвалі і адказваем перш за ўсё, а не Расея. Пуцін кажа:” Я не супраць”. А ў гэтым вялікая гісторыя. Яшчэ ў савецкія часы, калі была адзіная краіна, шмат было размоў на самым высокім узроўні аб тым, каб далучыць Калінінградскую вобласць да Беларусі. Тады было ўсё роўна. Можа, добра, што не зрабілі, таму што Крым далучылі да Украіны — аказалася, што „няправільна” зрабілі. Тым не менш такіх размоў было шмат, і фактычна мы ў Беларусі былі па многіх пытаннях адказныя за Калінінградскую вобласць, таму што былі самымі блізкімі”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

belapan.by

Фота belta.by