Юрый Нагорны: Чыноўнікі не хочуць пускаць родную мову ў горад Караткевіча



Сёння споўнілася 89 гадоў знакамітаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, які нарадзіўся 26-га лістапада 1930 г. у Воршы. Ён пакінуў гэты свет, прыжыўшы ўсяго 54 гады.

Але ж нават у апошнія часы існавання СССР, не кажучы пра перыяд нацыянальнага адраджэння 1990-х, дзеля ўшанавання ягонай памяці было зроблена непараўнальна больш, чымсьці робіцца зараз. На ягонай малой радзіме паспелі перайменаваць вуліцу, дзе дагэтуль стаіць бацькоўская хата Караткевічаў, усталяваць помнік у парку над Дняпром, стварыць мемарыяльны музей у будынку колішняй радзільні, дзе будучы пісьменнік прыйшоў на гэты свет.

Аднак ініцыятывы апошняга часу катэгарычна не прымаюцца мясцовымі ўладамі, для якіх Караткевіч – чужы, як і ўся беларушчына. Аршанскія чыноўнікі нібыта сталі ўвасабленнем пераказанай ім фальклорнай прыпавесці, –  кажа кіраўнік аршанскай філіі Таварыства беларускай мовы Юрый Нагорны:

– Напэўна, яны вельмі добра чыталі Уладзіміра Сямёнавіча, «Зямлю пад белымі крыламі». Дзе ён піша, што Бог даў беларусам прыгожыя рэкі, багатыя лясы, цудоўную райскую прыроду. А каб беларусам не падавалася, што яны жывуць у раі, то Бог даў ім самае кепскае ў свеце начальства. Пэўна, аршанскія ўлады і хочуць быць такімі, як пісаў Караткевіч – самымі дрэннымі!

Нават прапанова зрабіць указальнікі да караткевіцкіх мясцін на роднай мове выклікала адкрыты супраціў намесніка старшыні гарвыканкама, працягвае Юрый Нагорны:

– Так, ён даў распараджэнне, каб такія былі ўказальнікі. Я тут і кажу: «Спадзяюся, яны будуць на дзвюх дзяржаўных мовах, на беларускай і расейскай?» Адказвае: «Не! Мы іх робім для расейцаў, якія прыязджаюць у наш горад». А беларусам беларуская мова не патрэбная? Нашы чыноўнікі не хочуць пускаць родную мову ў горад Караткевіча. Я лічу, гэта плявок у памяць самога Уладзіміра Сямёнавіча.

У наступным годзе Беларусь будзе адзначаць 90-годдзе знакамітага пісьменніка, які ў сваіх творах паказаў беларусам, што яны – беларусы, і з поўным правам могуць ганарыцца слаўнай гісторыяй сваёй краіны. Аршанская рада ТБМ даслала ў райвыканкам каля двух дзясяткаў прапаноў, як годна адзначыць юбілей Уладзіміра Караткевіча. Але ці будуць яны прынятыя, ці зноўку праігнараваныя?

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя