Гары Паганяйла: Калі справа мае палітычную афарбоўку, то ёсць і закулісныя гульні
Нагадаем, што Змітра Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, яму вынеслі прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру «скінулі» па амністыі, але яму прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Не так даўно стала вядома, што пракуратура Менску абскардзіла рашэнне Менскага гарадскога суда ў Вярхоўны суд, але затым гэты пратэст адклікала.
Гары Паганяйла: Пракурор насамрэч можа не пагадзіцца з рашэннем суда, калі лічыць прысуд занадта мяккім, як мае права затым і адклікаць свой пратэст. Таму, магчыма, у пракуратуры паглядзелі і прааналізавалі факты, якія сталі падставай для вынясення рашэння Менскім гарадскім судом, і зразумелі, што наўрад ці ёсць падставы для задавальнення пратэсту. Так што гэта нармальная пракурорская праца.
РР: Але ж справа мае палітычную афарбоўку, таму, як кажуць некаторыя, усе крокі тут уладамі ўзгадняюцца…
Гары Паганяйла: Калі справа мае палітычную афарбоўку, то, напэўна, ёсць і закулісныя гульні, і інтрыгі з кампрамісамі, і тэлефоннае права. Усё гэта можна дапусціць, але на сто адсоткаў пра гэта сцвярджаць не варта. А тое, што пракурор адклікаў свой пратэст, і рашэнне Менскага гарадскога суда застаецца ў сіле – гэта добра для таго ж Паліенкі. Хаця, наколькі мне вядома, ён таксама не згодны з прысудам і ўжо абскардзіў яго ў вышэйшай судовай інстанцыі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя