“Калінінград – гэта нашая вобласць”



Кіраўнік беларускай дзяржавы падчас сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці РФ Антонам Аліханавым заявіў пра тое, што “Калінінград – гэта нашая вобласць”. І далей, развіваючы думку, працягнуў: “Яшчэ ў савецкія часы, калі была адзіная краіна, шмат было размоваў на найвышэйшым узроўні аб тым, каб далучыць Калінінградскую вобласць да Беларусі. Тады было ўсё роўна. Можа, добра, што не зрабілі, бо Крым далучылі да Украіны — выявілася, што „няправільна“ зрабілі.”

Размовы пра “беларускі Калінінград”, нягледзячы на абсурднасць пастаноўкі пытання, маюць пад сабой пэўную міфалогію. Справа ў тым, што гістарычна землі ВкЛ межавалі з Усходняй Прусіяй, а тамтэйшую сталіцу Кёнігсберг нашыя продкі называлі на свой капыл – Каралявец. Пэўны час, пасля разгрому Тэўтонскага ордэну, землі Усходняй Прусіі трапілі ў васальную залежнасць ад ВкЛ і Польскай Кароны. Пазней гэтыя тэрыторыі ўваходзілі ў склад розных дзяржаўных утварэнняў: ад Расейскай дзяржавы да Нямецкай імперыі.

Лёс цяперашняй Калінінградскай вобласці прадвызначылі падзеі ІІ Сусветнай вайны, калі нацыстоўская Нямеччына пацярпела паразу ад войскаў саюзнікаў. Тэрыторыя былой Усходняй Прусіі была падзеленая паміж РСФСР і Польскай Народнай Рэспублікай. Карэнныя жыхары гэтай зямлі былі гвалтоўным чынам выселеныя ў Нямеччыну ў 1947 годзе. А бязлюдную Калінінградскую вобласць засялілі ўраджэнцамі заходніх абласцей РСФСР і БССР. Адзіным крытэрам, паводле якога адбывалася селекцыя савецкіх каланістаў, была наяўнасць сама меней 2 працаздольных членаў сям’і. З Беларусі ў новаўтвораную савецкую вобласць у асноўным ехалі жыхары сельскіх мясцовасцей Магілёўшчыны, Віцебшчыны і Гомельшчыны. Зразумела, ва ўмовах татальнай русіфікацыі, а таксама з улікам нізкага ўзроўня адукацыі большасці перасяленцаў, новыя жыхары Калінінградскай вобласці беларускага паходжання былі ідэальнай масай для пераўтварэння ва ўяўную супольнасць “савецкі народ”.

У некаторых беларускіх асяродках гуляюць байкі пра тое, што камуністычны правадыр БССР Панцеляймон Панамарэнка амаль дамогся ад Сталіна перадачы Усходняй Прусіі па заканчэнні ІІ Сусветнай вайны. Аднак гэтая гісторыя не мае пад сабой сур’ёзных дакументальных пацверджанняў.

Паводле дадзеных апошняга перапісу ў РФ, праведзенага ў 2010 годзе, колькасць беларусаў там складае трошкі больш за 32 тысячы чалавек. Гэта трэцяя, пасля расейцаў і ўкраінцаў, нацыянальная група ў Калінінградскай вобласці. Аднак да гэтай лічбы трэба ставіцца крытычна, паколькі нават дадзеныя па перасяленцах адразу па ІІ Сусветнай вайне сведчаць, што этнічных беларусаў у гэтым расейскім эксклаве можа быць у некалькі разоў больш. Кандыдат гістарычных навук Алеся Якубінская ў адным са сваіх артыкулаў прыводзіць архіўныя дадзеныя, згодна якім “у перыяд з 1946 па 1953 гг з БССР у Калінінградскую вобласць перасялілася 54500 беларусаў”. У некаторых раёнах вобласці (напрыклад, у Праўдзінскім) этнічныя беларусы складалі большасць. Няцяжка выказаць здагадку, што большасць з тых каланістаў нікуды не падзелася і абзавялася шматлікімі нашчадкамі, якія з часам сталі сябе ідэнтыфікаваць расейцамі. Такім чынам, лічба ў 32 тысячы беларусаў – гэта колькасць людзей з цвёрдай нацыянальнай ідэнтычнасцю, што само па сабе ў мільённым эксклаве не так ужо і мала.

Выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра “беларускі Калінінград” не ўспрымаецца як спроба рэвізіі паваенных межаў. Хутчэй за ўсё на фоне інтэнсіўных абмеркаванняў пагрозаў беларускай незалежнасці напярэдадні падпісання пакета дакументаў аб паглыбленні інтэграцыі кіраўнік дзяржавы вырашыў расставіць іншыя акцэнты, паказваючы, што Беларусь з’яўляецца не аб’ектам, суб’ектам міжнародных узаемадачыненняў. Але ў любым разе заяўкі пра беларускую тэрытарыяльную прыналежнасць Калінінграда – гэта толькі рытарычная фігура, якая прызваная адцягнуць увагу ад куды больш важных падзей.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ