Дзень Герояў – 2019



Традыцыйна напярэдадні ўшанавання герояў Слуцкага збройнага чыну Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла выступіла з заявай, у якой заклікала годна адзначыць чарговыя ўгодкі Слуцкага Збройнага чыну. 

„Як і кожны год у гэты восеньскі месяц, – адзачаецца ў заяве, – Беларусы з удзячнасьцю прыпамінаюць і аддаюць чэсьць сваім слаўным Случчаком, якія пайшлі змагацца пад бел-чырвона-белым сьцягам за сваю зямельку. Пайшлі ўміраць каб жыла Беларусь!”

У заяве таксама прыгадваецца перапахаванне Кастуся Каліноўскага, якое адбылося ў Вільні 22 лістапада. 

„Сёньня як ніколі хачу, – гаворыцца ў заяве, – каб Вы пачулі ягоныя словы любві да свае Бацькаўшчыны і свайго народу:

«Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаць, і можа раз астатні! Горка пакінуць зямельку родную і Цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, но не жаль загінуць за Тваю праўду. Прыймі народзе маё слова прадсьмертнае, бо яно, як з таго сьвета, толькі для дабра Твайго напісана!»

І канчае Яська, гаспадар з-пад Вільні, свой ліст усім нам вядомымі словамі: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу Народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над Табою Маскаля ўжо ня будзе!»

Словы гэтыя актуальныя па сёньня! Хаця дзяржава наша незалежная, кіруюць ёю яшчэ ўсё ворагі нашай свабоды. Дык памятайма «слова прадсьмертнае» нашага героя, дарагія Суродзічы, бо толькі для дабра нашага яно напісана»!

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Івонка Сурвілла

Старшыня Рады БНР”