Актывіст #kalinouski2019: Гэта сімвалічны жэст
У Вільні каля капліцы на могілках Росы, дзе былі пахаваныя Кастусь Каліноўскі і яго паплечнікі, прадстаўнікі кампаніі #kalinouski2019 сімвалічна высыпалі зямлю з радзімы Кастуся Каліноўскага – з Мастаўлянаў, якую прывёз актывіст Зміцер Юркевіч, а таксама зямлю з магілы Францішка Канаплянскага, які быў намеснікам Кастуся Каліноўскага з вёскі Забор’е Шаркоўшчынскага раёна.
Пра сімвалічную акцыю распавядае прадстаўнік кампаніі kalinouski2019 Вадзім Саранчукоў:
– На самой справе гэта сімвалічны жэст. Жэст уз’яднання пахаваных герояў са сваёй зямлёй, з тымі мясцінамі, з якімі яны павязаныя не толькі жыццём, але і смерцю. Менавіта такі жэст для нас быў вельмі важным.
Акцыя адбылася на наступны дзень пасля пахавання паўстанцаў Каліноўскага, у якім удзельнічала некалькі тысяч беларусаў, літоўцаў і прадстаўнікоў іншых краін.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча