Паўстаў інтарэс да гісторыі царквы, пабудаванай у часы Вітаўта Вялікага



Рэшткі царквы, пабудаванай у часы Вітаўта Вялікага, будуць перанесеныя воддаль ад муроў  Старога Замка. Ля муроў замка Стэфана Баторыя вядуцца работы ў сувязі з неабходнасцю правядзення археалагічных даследаванняў.

У гэтай сувязі зноў паўстаў інтарэс да гісторыі царквы, якая мала вядомая гарадзенцам, бо царква не была ніколі экспанаваная наведнікам. Пра яе кажа гісторык-медыявіст Алесь Краўцэвіч:

– На лекцыях і беларускім, і польскім студэнтам дэманструю гэта як прыклад змены цывілізацыйнай арыентацыі Беларусі, што ў ХІІІ – ХIV стагоддзях Беларусь прыняла заходне-еўрапейскі ўзор цывілізацыі. І доказ – гэтая вось царква канца ХІV пачатку ХV стагоддзяў у гатычным стылі.

Ужо неўзабаве пачнецца другі этап рэстаўрацыйных работ па Старым Замку, таму паўстала неабходнасць правесці доследы для складання пректа другой чаргі. Выкананыя работы па археалогіі дадуць магчымасць максімальна пэўна выявіць памеры, месца і іншыя звесткі па размяшчэнні параднага ўваходу ў замак.

Паколькі Верхняя царква была распілаваная ў міжваенны час па частках, то яе рэшткі перанесці будзе нескладана, мяркуе Алесь Краўцэвіч:

– Я думаю, што гэта не такая вялікая праблема – узяць гэтыя парэшткі і перавезці тэхнічна, бо ёсць магутныя краны, магутная тэхніка. Можа быць, будуць перасоўваць неяк яны такімі механізмамі, гэта трэба спытаць будаўнікоў. Я думаю, што яны з гэтым справяцца.

Калі палякі і польскія даследчыкі ў пачатку 30-х гадоў змаглі распілаваць і перанесці, я думаю, што мы ў ХХІ стагоддзі зможам вярнуць на месца.

Першапачаткова Верхняя царква была выяўлена над Ніжняй царквой. Пасля была перанесеная па частках воддаль ад Ніжняй. Тады даследванні праводзіў першы дырэктар гарадзенскага музея Юзэф Ядкоўскі.

Як паведамляюць археолагі гісторыка-археалагічнага музея Гародні, рэшткі царквы будуць перанесеныя і размешчаныя каля павільёна Ніжняй царквы. Для забеспячэння захаванасці над імі будзе ўстаноўлены часовы павільён.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com