Міністры замежных спраў Эстоніі, Літвы, Швецыі і Украіны выступілі з заявай
Міністры замежных спраў Эстоніі, Літвы, Швецыі і Украіны выступілі з сумеснай заявай адносна палітыкі Расеі і “працяглай агрэсіі” ў дачыненні да Украіны.
“Мы заклікаем Расею паважаць міжнароднае права і асноўныя прынцыпы і адмовіцца ад дзеянняў, якія супярэчаць гэтым прынцыпам…” – гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай МЗС Украіны.
Міністры станоўча ацанілі настойлівыя намаганні Украіны вырашыць канфлікт на ўсходзе мірным шляхам у інтарэсах украінскага народа і Еўропы ў цэлым. Яны падкрэслілі важнасць дасягнення працяглага палітычнага рашэння канфлікту на аснове поўнага выканання Менскіх дамоўленасцяў, і заклікалі Расею ў поўнай меры прызнаць сваю адказнасць у гэтай сувязі. У заяве таксама ўтрымліваецца заклік да Расеі “выканаць свае міжнародныя абавязацельствы, забяспечыўшы бесперашкодны доступ ва ўкраінскія парты ў Азоўскім моры і свабоду навігацыі”.
Беларускае Радыё Рацыя