У Беларусі адзначаецца неафіцыйны Дзень герояў
Сёння Дзень герояў. А менавіта 99-я гадавіна антыбальшавіцкага паўстання, вядомага пад назвай Слуцкі збройны чын. Падзея, што мела месца ў 1920 годзе, стала святам беларускіх змагароў не адразу. Упершыню гадавіну Слуцкага збройнага чыну святкавалі ў Вільні па прапанове ўдзельніка паўстання Сяргея Бусла.
Кажа прафесар універсітэта ў Беластоку Алег Латышонак:
– Ужо тады не ўсе прызнавалі гэтае свята, паколькі практычна гэтае віленскае асяроддзе ніякага дачынення да Слуцкага паўстання не мела. Толькі з часам нараджалася разуменне важнасці гэтай падзеі.
У пасляваенны час ў асяроддзі беларускай палітычнай эміграцыі ўзнікла трывалая традыцыя святкавання Дня Слуцкага збройнага чыну. Працягвае Алег Латышонак:
– Штораз шырэйшы набывала гэтае свята водгук. І набыло назву Дзень герояў. І ўзгадваем у гэты час не толькі слуцкіх паўстанцаў, але ўсіх тых, якія змагаліся са зброяй у руках за Беларусь.
У сучаснай Беларусі гадавіна паўстання Слуцкага збройнага чыну нацыянальным святам не з’яўляецца. Тым не менш патрыятычныя колы з дазволам альбо без дазволу ўладаў яго адзначаюць.
Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток