Мінфін не чакае збліжэння пазіцый з МВФ у 2020 годзе



Беларусь і МВФ разыходзяцца па пытанні хуткасці рэформаў, і ў 2020 годзе бакі па гэтай тэме наўрад ці дамовяцца. Такое меркаванне выказаў міністр фінансаў Максім Ермаловіч, адказваючы 27 лістапада на пытанні журналістаў у Палаце прадстаўнікоў.

„МВФ хацеў бы бачыць больш хуткія рэформы ў дзяржсектары, больш актыўнае павышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ для кампенсацыі выдаткаў на гэтыя паслугі. Тут мы пакуль разыходзімся па хуткасці гэтых дзеянняў, і перспектыў таго, што прыйдзем да згоды па гэтых двух пазіцыях у 2020 годзе, я не бачу”, — падкрэсліў Ермаловіч.

Тым не менш, дадаў ён, падчас падрыхтоўкі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку беларускі бок будзе запытваць прапановы ў міжнародных фінансавых арганізацый.

„Мы будзем запытваць бачанне МВФ і Сусветнага банка па пытанні таго, як павінна рэалізоўвацца эканамічная палітыка, праводзіць з імі адпаведныя дыскусіі і фармаваць праграму на наступную пяцігодку з улікам вялікага набору меркаванняў па гэтай тэме”, — сказаў Ермаловіч.

У гэтым выпадку, дадаў ён, „нельга нічога адкідаць і браць на веру”.

„Распрацоўка праграмы на наступную пяцігодку, улічваючы задачу павялічыць ВУП да 100 млрд долараў, запатрабуе ў тым ліку і нестандартных рашэнняў. Спадзяюся, мы гэтыя рашэнні знойдзем”, — сказаў Ермаловіч.

Як паведамлялася, Міжнародны валютны фонд і Сусветны банк лічаць, што забяспечыць устойлівыя і высокія тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі магчыма толькі ў выпадку рэфармавання дзяржаўнага сектара.

„У першую чаргу мы рэкамендуем правесці рэструктурызацыю дзяржсектара, бо дзяржпрадпрыемствы саступаюць па эфектыўнасці прыватнаму сектару і назапашваюць даўгі”, — заявіў журналістам у лістападзе кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер, адказваючы на пытанні БелаПАН.

У Беларусі таксама неабходна, дадаў ён, узмацніць сістэму сацыяльнай абароны насельніцтва. „Калі адбываецца рэструктурызацыя эканомікі, людзі мяняюць працу, і яны павінны мець магчымасць гэта рабіць, не баючыся рызыкі беднасці”, — адзначыў Крэмер.

На яго думку, у Беларусі павінны быць спецыяльныя праграмы па беспрацоўі і неабходныя праграмы падтрымкі людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

„Нарэшце, мы рэкамендуем, каб тарыфы на цяпло для насельніцтва павялічыліся да таго ўзроўню, колькі яно каштуе. Субсідаванне тарыфаў на ацяпленне — неэфектыўнае рашэнне, асноўны іх аб’ём атрымліваюць тыя дамашнія гаспадаркі, у якіх жылая плошча большая”, — падкрэсліў Крэмер.

belapan.by