30 лістапада ў Грабаўцы – выстава “Наша памяць”



30 лістапада ў вясковай святліцы ў Грабаўцы, можна будзе паглядзець выставу “Наша памяць”. Да выставы, якая ўтрымлівае 13 планшэтаў, будзе прымеркаваны даклад прафесара Універсітэта ў Беластоку Алега Латышонка пра падзеі, якія мелі месца на Беласточчыне на зломе студзеня-лютага 1946 года, калі аддзел пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса (псеўданім „Буры”) спаліў 5 беларускіх вёсак, загінула тады звыш 80 цывільных жыхароў, сярод якіх жанчыны і дзеці.

Апрача выставы адбудзецца таксама прэзентацыя фільма Юрыя Каліны „Сярожа”. Пачатак сустрэчы ў святліцы ў Грабаўцы а 17-й гадзіне.

Падчас такіх сустрэч ініцыятары грамадскага праекту „Наша памяць” збіраюць ахвяраванні з прызначэннем на аднаўленне месцаў памяці загінулых у выніку дзеянняў аддзела польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса (псеўданім „Буры”), а таксама выданне асобнай кнігай дакументаў і ўспамінаў ахвяраў гэтага часу, ды ўсталяванне памятных крыжоў у спаленых вёсках з надпісамі па-беларуску.

Беларускае Радыё Рацыя