Законапраект аб мараторыі на смяротнае пакаранне збіраюцца перадаць дэпутатам
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім не выключае магчымасці перадаць законапраект аб мараторыі на смяротнае пакаранне для ўнясення ў парламент камусьці з дэпутатаў новага склікання.
Анісім падкрэсліла, што сёння шматлікія дэпутаты выступаюць за мараторый на смяротнае пакаранне, але „ёсць вельмі моцная палітычная воля, якая супрацьстаіць гэтаму”, таму адназначна сказаць, што законапраект будзе прыняты, нельга.
Раней Анісім казала БелаПАН, што мае намер унесці законапраект аб мараторыі на смяротнае пакаранне да заканчэння тэрміну сваіх паўнамоцтваў. У статусе дзейнага дэпутата будзе знаходзіцца да пачатку сесіі новаабранага складу ніжняй палаты, якая павінна адкрыцца 6 снежня.
Законапраект „Аб прыпыненні выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары” змяшчае два артыкулы. У адным гаворыцца аб прыпыненні дзеяння арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса аб выкананні смяротных прысудаў да моманту, пакуль гэтая мера пакарання не будзе цалкам скасаваная. Другі артыкул прадугледжвае накіраванне асоб, у дачыненні да якіх вынесены смяротны прысуд, у папраўчыя калоніі, дзе іх павінны ўтрымліваць у тых жа ўмовах, што і асуджаных да пажыццёвага зняволення.
Беларускае Радыё Рацыя