Пра падзею, якую не любяць узгадваць улады Беларусі



99 гадоў таму распачаўся Слуцкі збройны чын. Зразумела, пра гэтую падзею не распавядуць у школах. Пра яе не згадаюць выканкамаўскія сайты. Неафіцыйны дзень герояў – гэта вам не 8 сакавіка ці 23 лютага. Пра яго на прадпрыемствах не кажуць. У школах не робяць тэматычных пазакласных гадзінаў ці мерапрыемстваў. Беларускія вуліцы кішаць назвамі ў гонар ці якога-небудзь савецкага героя, ці ўвогуле названыя як у дзіцячым летніку: рамонкавая, азёрная ці берагавая. І ніводнай вуліцы няма ў гонар удзельнікаў антыбальшавіцкага паўстання. А ідэолагі сённяшняй Беларусі баяцца Слуцкага збройнага чыну так, нібыта ён здарыўся не 99 гадоў таму, а ўчора.

Неяк у Слуцку сустрэла такую стэрэатыпную настаўніцу з гулькай, якая крычала на тых, хто прыехаў ушанаваць герояў, што «нічего тут не было і занімаетесь вы ерундой». На ейную думку, відаць, толькі піянеры і брсмаўцы не займацца глупствамі. А ўсе, хто з бел-чырвона-белымі сцягамі і ведаюць пра Слуцкі збройны чын, – гэта ворагі народу. Добра, што цяпер не Савецкі саюз. А тое б яна напісала, куды патрэбна. Хаця, думаю, акурат тая настаўніца з гулькай і напісала, куды трэба і на каго трэба. Хочацца верыць, што з гадамі такіх цётак з гулькамі будзе ўсё менш-менш. Асабліва ў школах. Аднак чакаць іншага стаўлення да Слуцкага збройнага чыну не выпадае, пакуль у Беларусі святкуюць на афіцыйным узроўні дзень камсамолу, прымаюць у піянеры дзяцей, а на пахаванне Кастуся Каліноўскага ездзіць другарадны чыноўнік.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ