Станіслаў Зась зацверджаны генеральным сакратаром АДКБ
Генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) стаў Станіслаў Зась, які цяпер з’яўляецца дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Беларусі.
Кандыдатура Зася зацверджаная на сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ 28 лістапада ў Бішкеку (Кыргызстан). Выконваць абавязкі генеральнага сакратара ён пачне 1 студзеня 2020 года, перадае інфармагенцтва 24.kg.
Як паведамлялася, у пачатку лістапада 2018 года генеральны сакратар арганізацыі прадстаўнік Арменіі Юрый Хачатураў быў адкліканы з пасады з ініцыятывы Ерэвана з-за вылучаных у дачыненні да яго крымінальных абвінавачанняў. Арменія настойвала на захаванні за сваім прадстаўніком пасады генеральнага сакратара АДКБ да заканчэння тэрміну дзеяння трохгадовага мандата ў 2020 годзе, Беларусь — прапанавала на гэтую пасаду дзейнага дзяржсакратара Савета бяспекі Станіслава Зася.
22 мая гэтага года на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АДКБ у Бішкеку кандыдатура Зася была ўзгодненая для прызначэння кіраўнікамі дзяржаў-членаў на пасаду генеральнага сакратара арганізацыі.
Старшынства ў АДКБ пяройдзе да Беларусі 1 студзеня 2020 года. У арганізацыю таксама ўваходзяць Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.
belapan.by
Фота minsknews.by