БАЖ прадставіла вынікі маніторынгу асвятлення выбараў у СМІ



Беларуская асацыяцыя журналістаў прадставіла вынікі маніторынгу асвятлення мінулых парламенцкіх выбараў у СМІ. Па словах старшыні гэтай арганізацыі Андрэя Бастунца, усё было як заўсёды, толькі горш.

Хаця  сітуацыя з прамым ціскам на журналістаў не выглядала самай горшай, аднак факты ціску былі. І ў першую чаргу – гэта пагрозы журналстам, асабліва на мясцовым роўні, – нагадаў Андрэй Бастунец.

– Напрыклад,  Андрэю Павуку, пагрозы нібыта ад яго імя пра распаўсюд інфармацыі пра мініраванне дзяржаўных устаноў. Яшчэ былі падобныя інцыдэнты. Грамадзянская справа супраць некалькіх інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку “Беларускага партызана” і «Вечернего Бобруйска» і блогера Nexta – справа ад кіраўніка Слонімскага райвыканкама. Але мы не можам казаць, што гэта ёсць: ціск з боку ўладаў ці гэта ёсць пэўныя падзеі на рэгіянальным роўні, і чалавек абараняе свае гонар і годнасць. Гэта цалкам магчыма.

Аднак свабода выказванняў кандыдатаў падчас выбарчай кампаніі парушалася, – нагадаў Андрэй Бастунец. Зафіксавана, як мінімум, 11 выпадкаў, калі выступы кандыдатаў не былі дапушчаны ў эфір ці не надрукаваны. 

Таму, з аднаго боку, агульны фон выбарчай кампаніі характэрызаваўся высокай ступенню кантроля з боку дзяржавы, але значных рэпрэсіяў супраць журналістаў не адбывалася, – падсумаваў Андрэй Бастунец.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск