Генадзь Фядыніч: Я ведаў пра амністыю яшчэ раней…



Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў пра сваю амністыю і працяг абскарджвання прысуда па сваёй справе.

Стала вядома, што фігуранты «справы прафсаюзаў» Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік патрапілі пад амністыю.

Нагадаем, што 24 жніўня 2018 года суд Савецкага раёна Менска прызнаў экс-старшыню незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і былога галоўнага бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка вінаватымі ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў». Прысуд – абмежаванне волі тэрмінам на 4 гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, без канфіскацыі маёмасці і з забаронай займаць кіруючыя пасады на 5 гадоў.

Генадзь Фядыніч: Мы патрапілі пад дзеянне закона аб амністыі, прынятага да 79-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пра гэта мне і Ігару Комліку паведамілі з пракуратуры. У выніку нам скарачаецца тэрмін адбыцця пакарання на “дамашняй хіміі” на адзін год”.

Гэта, дарэчы, для нас не стала нейкім адкрыццём, я ведаў пра гэта яшчэ раней. Па тым артыкуле, што нас судзілі, мы якраз і траплялі пад амністыю.

Такім чынам, нам застаецца адбываць пакаранне на “хіміі” каля двух год. Да слова, пасля адбыцця двух трацін тэрміну зняволення можа быць і ўмоўна-датэрміновае скасаванне пакарання.

РР: Менскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага суда па вашай справе ў сіле, але, наколькі вядома, вы на гэтым не збіраецеся спыняцца.

Генадзь Фядыніч: Безумоўна, не збіраемся, бо наогул не лічым сябе вінаватымі. На наступным тыдні мы падаем скаргу ў Вярхоўны суд на рашэнні ніжэйшых інстанцый.

Вялікіх ілюзій на справядлівасць суда не маем, але варта прайсці і гэтую ступень абскарджвання, каб затым звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Асабіста для мяне гэта – прынцыповае пытанне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя