Чаму віцебскім уладам муляе вока гістарычная ахоўная зона?



Ужо некалькі год віцебскіх чыноўнікаў не пакідае ідэя збудаваць на Плошчы тысячагоддзя новы Палац шлюбаў. Спачатку там планавалі ўзвесці гмах са шкла і бетону, але потым аўтарам праекту давялося пайсці на хітрасць, каб абыйсці заканадаўства. Паколькі гэтая тэрыторыя мае статус гістарычнай каштоўнасці, то на ёй нічога нельга будаваць.

А рэканструяваць – можна, таму аўтары праекту спрабуюць выдаць патэнцыйны “новабуд” за аднаўленне старадаўняга будынка.

Старшыня абласной арганізацыі БНФ Канстанцін Смолікаў звярнуўся ў Следчы камітэт, каб ініцыятыву прыхільнікаў будаўніцтва прызналі незаконнай:

– Гэта незабудаваная тэрыторыя, дзе раней знаходзіліся сцены і роў Ніжнага замка горада Віцебска, падмуркі дамініканскага касцёла і кляштара. Гэта тэрыторыя павінна баць даследавана, і нельга ў такія сціслыя тэрміны яе забудоўваць.

Гаворка пра сціслыя тэрміны зайшла таму, што Палац шлюбаў збіраюцца ўключыць у інвестыцыйную праграму на наступны год, на які ў Віцебску запланаваны абласныя “Дажынкі”. Адпаведна, горад атрымае дадатковае фінансаванне. Але грошы было б мэтазгодна накіраваць зусім на іншыя аб’екты, лічыць каардынатарка аргкамітэту па стварэнні БХД Таццяна Севярынец:

– Гэта добры рамонт у кардыялагічным шпіталі – там са столі валяцца прусакі, там ламаюцца ложкі пад хворымі! Інфекцыйны шпіталь для дарослых – у такім самым стане, як і кардыялогія. Мы звярталі ўвагу на гэта яшчэ два гады таму, і нам абяцалі, што зробяць ужо вось-вось. Але вось – гэта ідэя збудаваць палац!

Таццяна Севярынец заклікала гараджан запісвацца на прыёмы да гарадскога кіраўніцтва і выказваць яму свае прэтэнзіі, што да размеркавання грошай. Канстанцін Смолікаў вядзе перапіску з уладамі вобласці і пракуратурай, каб у Віцебску адмовіліся ад ідэі будаўніцтва ў гістарычнай зоне. Урэшце, у новым Палацы шлюбу няма вострай патрэбы хаця б таму, што месцаў для ўрачыстых цырымоній і так хапае, як і сапраўдных помнікаў архітэктуры, якія даўно варта адрэстаўраваць.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск