Анатоль Ляўковіч: Улада паказала, што ўсё трымае пад кантролем



Кіраўнік аргкамітэту па стварэнні грамадскага аб’яднання “Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю” Анатоль Ляўковіч выказаў сваё стаўленне да парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў Беларусі.

Анатоль Ляўковіч: Ведаючы, як у краіне праводзяцца выбары, мяркую, галоўнай інтрыгай апошняй парламенцкай кампаніі былі здагадкі пра тое, хто з апазіцыі патрапіць у парламент. Дакладней – каго туды прызначаць.

Шмат было прагнозаў. Хтосьці меркаваў, што Алену Анісім альбо Ганну Канапацкую, як правераных кадраў, пакінуць на другі тэрмін, нехта бачыў з дэпутацкім мандатам іншых кандытаў ад дэмакратычнай грамадскасці. Але, як бачым, усе тыкалі пальцам у неба.

РР: На Ваш погляд, чаму апазіцыя зараз ужо не патрэбна ў парламенце?

Анатоль Ляўковіч: Справа ў тым, што, калі пачынаўся дыялог з Захадам, пропуск у “палатку” двух так званых апазіцыянераў даваў беларускім уладам досыць вялікія дывідэнды. Еўропа нават заплюшчыла вочы на маніпуляцыі падчас выбараў, бо Анісім і Канапацкая з мандатамі – гэта падавалася, як вялізны прагрэс. Маўляў, беларускі рэжым пачаў перавыхоўвацца.

А ніхто і не збіраўся перавыхоўвацца. Беларуска-еўрапейскі дыялог быў запушчаны, працэс гэты на сёняшнім этапе не спыніць, а ўлада вырашыла паказаць, што ўсё трымае ў сваіх руках і пад кантролем. Таму парламент і зрабілі стэрыльным. Перад прэзідэнцкімі выбарамі ўладам не патрэбны ненадзейныя людзі з пэўнымі дзяржаўнымі паўнамоцтвамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bk-brest.by